Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На Залатой Горцы ў Мінску адбыліся інсцэніраваны Крыжовы шлях і Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.04.2015 22:25

 

1 красавіка каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях, які па традыцыі рыхтуе парафіяльная моладзь. У набажэнстве прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які затым цэлебраваў у парафіі святую Імшу. 

«Мы толькі што былі ўдзельнікамі інсцэніраванага Крыжовага шляху, які дапамог нам мацней перажыць трагедыю крыжа. Дзякуючы Хрысту, крыж з інструмента ганебнай  і жудаснай смерці стаў інструментам збаўлення і знакам нашай веры», — сказаў іерарх у гаміліі.

 

Разважаючы пра здраду вучня Езуса – Юды Іскарыёта — арцыпастыр прапанаваў удзельнікам Імшы задумацца над пытаннямі: «Ці зрабіў Езус памылку, выбіраючы Юду сваім вучнем? Што прывяло яго да такога трагічнага рашэння?»

«Выбіраючы Юду сваім вучнем, Езус хацеў паказаць, што апосталы таксама заставаліся людзьмі і маглі зрабіць памылку. Успомнім апостала Пятра. Ён таксама здрадзіў Езусу і адрокся ад Яго. Аднак ён застаўся апосталам. Больш за тое, Хрыстус удзяліў яму найвышэйшую ўладу ў Касцёле – быць Яго вікарыем. Пётр як чалавек памёр, але як вікарый Хроыста жыве ў асобах Рымскіх Папаў.

Чаму так адбылося? Чаму мы пагарджаем Юдам і адначасова праслаўляем Пятра? Таму што Юда не скарыстаўся магчымасцю пакаяцца, не папрасіў Езуса прабачыць яму. Пётр жа паступіў інакш, ён моцна шкадаваў за свой грэх, за здраду, і Хрыстус яму дараваў», — патлумачыў арцыбіскуп.

«Якімі мы з’яўляемся? Ці часам не з’яўляемся падобнымі да Юды? Што нас найбольш цікавіць - духоўнае ўдасканаленне ці імкненне да багацця, улады, задавальненняў, свабоды ад Божага закону і г.д.? Вельмі часта мы забываемся аб тым, што Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла», — заўважыў Мітрапаліт.

 

Як дадаў іерарх, здрада Богу наступае, «калі мы як хрысціяне на самой справе жывём як пагане, калі не захоўваем Божага закону, калі сябе ставім на месца Бога, калі жадаем, каб Касцёл змяніў Божае права, калі кажам, што верым у Бога, але не верым у Касцёл і г.д».

«Езус ведаў, хто Яму здрадзіць. Аднак падчас вячэры Ён сказаў, што Яму здрадзіць адзін з апосталаў. Гэтым самым Езус заклікаў іх зрабіць рахунак сумлення. Ён таксама хацеў, каб яны не былі самаўпэўненымі, што самі могуць перамагчы ўсе спакусы. Ва ўсёй гэтай гісторыі цікава тое, што Юда, які ўжо прыняў такое рашэнне, кажа Езусу, што гэта, напэўна, не ён будзе здраднікам. Такім чынам ён выказвае сваю няшчырасць і крывадушнасць.

Пытанне Езуса адрасавана таксама і нам. Мы павінны зрабіць рахунак сумлення і спытаць саміх сябе, ці наша жыццё згодна з Божым правам, і прасіць Бога аб дапамозе ў спакусах», — звярнуў увагу Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Арцыпастыр прапанаваў вернікам падумаць над пытаннямі: «Ці застаёмся мы яшчэ сябрамі Езуса, а можа, здраджваем Яму? Жывём паводле Божага закону ці паводле свайго?» Па словах арцыбіскупа, «неабходна бараніць і развіваць наша сяброўства з Хрыстом», «выкарыстаць ласку Года навяртання, каб захаваць сяброўства з Езусам і лячыцца ад хваробы здрады, у тым ліку духоўнай, і заставацца дзецьмі Божымі, якіх чакае ўзнагарода вечнага жыцця».

 

(AG),

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.