Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Праўда Пасхі – гарантыя нашага ўваскрашэння»: літургія Пасхальнай вігіліі адбылася ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.04.2015 03:01

4 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася літургія Пасхальнай вігіліі. Урачыстую літургію цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, разам з ім маліўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Падчас літургіі Пасхальнай вігіліі былі ўдзелены сакрамэнт хросту і канфірмацыі.

“Кожны дзень аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста”

“Свята Уваскрасення Хрыста мы адзначаем з радасцю, бо праўда Пасхі з’яўляецца падмуркам хрысціянскай веры, яна гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзею і падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях і прыпамінае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці”, - сказаў у гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Па словах іерарха, “збаўчы і радасны дзень Пасхі прыпамінае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяціла нягаснучае святло Уваскрасення”, і “гэтая праўда з’яўляецца Божым дарам чалавецтву, якога нельга пераацаніць, і адначасова заданнем, каб ім жыць”. “Кожны дзень мы, падобна феніксу, павінны ўваскрасаць з нашых грахоў і аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста”, - дадаў арцыбіскуп.

“Неўзабаве пройдуць святы і ізноў распачнецца звычайнае жыццё. Ці мы ўвойдзем у яго з праўдай Уваскрасення? Вось пытанне, якое стаіць перад намі. Бо калі святы прыходзяць і адыходзяць, нічога не пакідаючы ў нашых сэрцах, то гэта знак таго, што наша вера з’яўляецца павярхоўнай і не закранае глыбіні сэрца, не вядзе да сапраўднай еднасці са Хрыстом і да нашага дасканалення”, - заўважыў Мітрапаліт.

“Мы з радасцю перажылі нядаўні візіт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, які ўмацаваў нашу веру і заклікаў змагацца з новымі спакусамі нашага часу, выбіраць паміж Богам і ідаламі, паміж тым, хто стварыў і любіць нас, і тымі рэчамі, якія могуць зрабіць нас сваімі нявольнікамі. Ад нашага адказу будзе залежаць наша вера, наша будучыня і будучыня нашай краіны”, - адзначыў іерарх.


“Каб любоў Хрыста стала нашым штодзённым жыццём”

“У гэты святочны дзень звяртаемся да Цябе, Уваскрослы Езу, адары нас ласкай супрацьстаяння секулярным ідэалогіям, якія нішчаць нашу хрысціянскую самасвядомасць і гэтым самым аслабляюць нашае духоўнае жыццё. Дапамажы нам быць сведкамі Тваёй бязмежнай любові ў нашым жыцці. Вядзі нас шляхам духоўнага ўваскрасення, які чыніць нашае жыццё новым ва ўсіх яго праяўленнях”, - сказаў Мітрапаліт.

Арцыпастыр пажадаў, звяртаючыся да вернікаў: “Няхай жа бязмежная любоў Хрыста ззяе ў кожным нашым дзеянні і стане нашым штодзённым жыццём. У адной са сваіх пасхальных гамілій св. Аўгустын казаў, што калі Хрыстус пакутаваў, то і нам трэба памерці для граху. Калі Хрыстус уваскрос, то і нам неабходна жыць для Бога. Калі Хрыстус перайшоў з гэтага свету ў дом Айца, то і мы не павінны засяроджваць нашы сэрцы на зямных справах, а следаваць за Ім да вышэйшых. Калі Ён быў укрыжаваны, то і нам трэба крыжаваць пажадлівасць нашага цела. Калі Ён ляжаў у магіле, то і мы, разам з Ім памерлыя для граху, павіны забыцца пра старога грэшнага чалавека і стаць новым. Калі Ён знаходзіцца ў небе, то і нам неабходна перамяніць нашы зямныя жаданні на вышэйшыя”.

“Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў! Няхай велікодная радасць напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і ласкамі ўваскрослага Пана! Са словамі асаблівай павагі звяртаюся да нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія праз тыдзень будуць святкаваць свята Уваскрасення Хрыста! Жадаю ім так перажыць Страсную сядміцу, якая распачынаецца, каб яна ўвяла ў сапраўдную радасць пасхальнага “Аллелюя”.

Уваскрослы Езу, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымі ёй ласкамі, каб яна была краінай духоўнага ўваскрасення, якое з’яўляецца гарантыяй гарманічнага жыцця на зямлі паводле Божага плану і шчаслівай вечнасці. Жадаю ўсім вам, суайчыннікі і ўсе людзі добрай волі, шчаслівых, поўных Божай ласкі і Яго супакою святаў Уваскрасення Хрыста”, - сказаў Мітрапаліт.

Гл. таксама поўны тэкст Пастырскага паслання Мітрапаліта на Вялікдзень>>>

Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы а. Аляксандр Шымбалёў звярнуўся ад імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла з віншаваннямі іерархам і каталіцкай супольнасці нашай краіны. “Сёння мы адчуваем вялікую радасць, бо Хрыстус сваім уваскрасеннем даў нам надзею на вечнае жыццё. І мы, прымаючы Яго ў нашы сэрцы і душы, павінны памятаць, што Хрыстус прынёс сябе ў ахвяру, каб мы перамяніліся, - сказаў святар. - Мы павінны ў гэтыя святочныя дні і ўсё жыццё ззяць светачам Хрыстовага святла і Яго любові да ўсяго свету і кожнага чалавека”.


“Каб уваскрослы Хрыстус дапамог зламаць бар'еры, якія людзі працягваюць узносіць”

З велікоднымі віншаваннямі звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. “Як прадстаўнік Папы на беларускай зямлі, я хацеў бы пажадаць усім, каб уваскрослы Хрыстус дапамог зламаць бар'еры, якія людзі ўпарта працягваюць узносіць, і каб усе змаглі адчуць сябе адной сям'ёй”, - адзначыў Апостальскі Нунцый.

“Папа Францішак благаслаўляе ўсіх беларусаў і жадае таго, што найбольш каштоўнае ў жыцці: дарыць любоў і быць любімымі. Таксама і кардынал П'етро Паралін перадае вам прывітанне і дзякуе за вашу гасціннасць, якую ён у размове са мной назваў “незабыўнай”.

Спадзяюся, што прыйдзе той дзень, калі не толькі прадстаўнік, але сам Папа Францішак зможа прыехаць сюды, каб абняць вас, дазваляючы гэтым адчуць, як моцна Бог вас любіць”, - сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Поўны тэкст велікодных віншаванняў Апостальскага Нунцыя>>>

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, нямецкай, французскай, італьянскай, іспанскай і англійскай мовах. “Віншую са святам Пасхі Хрыстовай і жадаю, каб цуд духоўнага ўваскрашэння як мага часцей паўтараўся ў вашым жыцці і каб мы ўсе былі людзьмі ўваскрашэння”, - сказаў Мітрапаліт.

Пасля заключнага благаслаўлення, якое ўдзялілі Мітрапаліт і Апостальскі Нунцый, адбылося асвячэнне велікодных страў.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.