26 красавіка, у IV Велікодную нядзелю, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша ў першую гадавіну кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ. Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за ўсіх ахвяраў Чарнобыльскай аварыі ў яе 29-ю гадавіну.
Ян Павел ІІ быў кананізаваны ў Ватыкане Папам Францішкам 27 красавіка 2014 г., у нядзелю Божай Міласэрнасці, разам з Янам ХХІІІ.
IV Велікодная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, і ў гэты дзень традыцыйна распачынаецца Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. У сувязі з гэтым, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі нагадаў: “Езус шукае нас так, як пастух шукае заблукалую авечку. Езус хоча, каб быў адзін пастыр і адзін статак. Падобна паступае і пастух. Ён клапоціцца пра свой статак і хоча, каб ён не быў падзелены”.
“Сын Божы не ўцелавіўся б, каб гэта не было патрэбна для нас. Нездарма ў Сімвале веры мы кажам, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення. Ён, як Добры Пастыр, прабывае з намі ў асобах сваіх святароў, біскупаў і намеснікаў апостала Пятра”, - дадаў іерарх.
Кажучы пра Яна Паўла ІІ, яго пантыфікат, Мітрапаліт адзначыў: “Гэта быў пантыфікат адкрытых на свет, іншыя канфесіі і рэлігіі дзвярэй. Пантыфікат дыялогу з веруючымі і няверуючымі. Пантыфікат міру і паяднання непрымірымых. Пантыфікат аднаўлення і ўмацавання каталіцкіх структур у краінах, дзе рэлігія доўга пераследавалася. Пантыфікат правоў чалавека і сацыяльнай справядлівасці.
Усё гэта стала магчымым дзякуючы асобе святога Яна Паўла II, якога Бог даў Касцёлу і свету ў адпаведнасці з выклікамі часу. Ён запісаўся ў гісторыю Касцёла і свету як сапраўдны добры пастыр, які па прыкладу Езуса Хрыста прыйшоў не для таго, каб яму служылі, але каб паслужыць. Ён выйшаў далёка за межы Ватыкана, каб ісці да людзей розных нацыянальнасцяў, культур і традыцый”. Поўны тэкст гаміліі>>>
“Мы з удзячнасцю схіляем свае галовы перад табой, Ян Павел Вялікі. Мы дзякуем табе за тваю адвагу, мудрасць і прыклад твайго служэння і святасці. Табе не было дадзена наведаць нашу краіну. Сёння, як святы, ты духоўна прабываеш з намі, і мы спадзяёмся на тваё прадстаўніцтва перад Богам.
Выпрасі беларускаму Касцёлу ва Усеміласцівага Бога ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. З акна дома Нябеснага Айца благаславі наш Касцёл, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, радасцю і надзеяй для ўсіх нас. Сёння, калі мы ўспамінаем 29-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы і молімся за яе ахвяр, выпрасі сучаснаму свету, які перажывае духоўны Чарнобыль, ласку навяртання і моцнай веры. Благаславі нашу Бацькаўшчыну, каб будавала сваю будучыню на вечна жывых і актуальных евангельскіх каштоўнасцях”, - сказаў Мітрапаліт. (AG)
|