3 мая, у V Велікодную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, як важна для хрысціян “быць злучаным з Хрыстом”.
“Евангелле прадстаўляе нам вобраз вінаградніка. (…) Езус кажа, што Ён лаза, а мы галінкі. Мы добра ведам, што галінкі самі сабой не могуць пладаносіць. Для гэтага неабходна, каб яны былі злучаны з вінаграднай лазой. Дзякуючы гэтаму яны кормяцца патрэбнымі для іх сокамі зямлі. Толькі тады, калі галінкі злучаны з лазой, яны даюць плён.
Вядома таксама, што вінаграднік вельмі хутка разрастаецца, у яго шмат лісцяў і маленькіх галінак. Таму, каб вінаграднік быў пладаносны, яго неабходна ачышчаць, гэта азначае зразаць старыя, сухія і малыя галінкі. Гэтым займаецца вінаградар, якім у аповедзе Хрыста з’яўляецца Бог Айцец.
Выкарыстоўваючы гэту парабалу, Езус хоча навучыць нас асноўнай праўдзе нашага жыцця, а менавіта трыванню ў Ім”, - адзначыў Мітрапаліт.
“Што азначае быць злучаным з Хрыстом?
Найперш – гэта слухаць Езуса і выконваць Яго волю, нягледзячы на цяжкасці ці спакусы. Далей, неабходна прызнаць, што Езус з’яўляецца дрэвам і без Яго мы, як галінкі, не можам жыць сапраўдным хрысціянскім жыццём. Трэба таксама прытрымлівацца вучэння Касцёла, бо хто не прымае Касцёла як сваю Маці, для таго Бог не з’яўляецца Айцом. Далей, у кожным іншым чалавеку неабходна бачыць Бога і свайго брата. Неабходна таксама практыкаваць малітву і сакрамэнтальнае жыццё, якія яшчэ мацней яднаюць з Хрыстом. І нарэшце, неабходна ачышчацца ад усяго таго, што з’яўляецца благім у нас саміх”, - дадаў арцыпастыр.
“Быць злучаным з Хрыстом азначае жыць Божай праўдай. У адваротным выпадку мы духоўна засохнем і будзем выкінуты з духоўнага жыцця, як выкідваюць засохшыя вінаградныя галінкі, якія спальваюць у вогнішчы. Каб быць плённым хрысціянінам, неабходна дазволіць Езусу дзейнічаць у нас.
Няхай жа заклік Хрыста да духоўнага ачышчэння і еднасці з Ім стане праграмай нашага жыцця, каб яно было духоўна плённым і выслужыла нам радасць вечнага жыцця ў небе”, - пажадаў Мітрапаліт вернікам. (AG)
|