10 мая, у VI Велікодную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу, што чытанне Евангелля гэтай нядзелі, якая з’яўляецца апошняй перад святам Унебаўшэсця Хрыста, «заахвочвае быць сапраўднымі хрысціянамі праз захаванне закону любові да бліжняга». «Езус дае нам новую запаведзь — любіць бліжняга, як Ён палюбіў нас. Такая любоў з’яўляецца ўмовай сапраўднага хрысціянскага жыцця», — адзначыў іерарх.
«Езус палюбіў нас аж да смерці, і смерці крыжовай. Гэта ўжо новая этыка, якая перамяняе свет. Святы Максімільян Кольбэ аддаў сваё жыццё за бацьку сям’і ў Асвенцыме і гэтым самым унёс у пекла гэтага канцлагера дух надзеі, бо ён памёр, але жыццё засталося.
Гэты закон Езуса вядзе да фарміравання новага евангельскага чалавека ў кожнай яго жыццёвай сітуацыі. У яго святле мы павінны спытаць сябе: ці нашы рашэнні і дзеянні ўкаранёны ў любові да Бога і бліжняга? Ці яны прыносяць плён для Божага Валадарства? Сёння модным з’яўляецца тэсціраванне, пачынаючы ад выпускных экзаменаў у школе і завяршаючы тэсціраваннем розных машын і прыладаў. Закон Езуса аб любові да бліжняга – гэта новы тэст для хрысціяніна. І гэты тэст нялёгкі, бо сёння з нашай занятасцю, перапоўненым календаром, імкненнем зрабіць кар’еру, небывалай мабільнасцю цяжка знайсці месца для сяброўства, а што ўжо казаць пра любоў да бліжняга», — дадаў арцыбіскуп.
«Дзякуй Богу, сёння няма, прынамсі ў нашай краіне, фізічнага пераследу веры і ганенняў на Касцёл, аднак існуе іншы, маральны пераслед. Многія людзі ўспрымаюць Касцёл як старадаўні, не сучасны, які трымаецца даўнішніх маральных норм у той час, калі ўсё вырашаецца дэмакратычна і большасцю галасоў у парламенце, калі большасць устанаўлівае нормы паводзін і г.д.
Цяжка аб гэтым казаць, асабліва тым, хто перажыў ганенні на Касцёл. Але рэальнасць сучаснага жыцця ёсць такой, што ўсё больш людзей не лічаць сябе веруючымі, хаця ў той жа час яны называюць сябе хрысціянамі. Гэта тое заданне, якое стаіць перад намі. Не толькі лямантаваць, але шукаць адказу на пытанне, чаму так ёсць і як вылечыць свет з гэтай маральнай хваробы», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што вернікі «павінны кожны дзень ахвяроўваць сваё жыццё ў імя любові да іншага чалавека і да ўсяго свету».
«Езус называе нас Яго сябрамі. Гэта азначае, што мы павінны быць захоплены Ягонай гісторыяй, якая вядзе на крыж і да пустой магілы, і ў ёй знаходзіць святло, якое вядзе нас па жыцці», — заўважыў Мітрапаліт і прапанаваў удзельнікам Імшы падумаць над пытаннямі: «Ці сапраўды мы захоплены гісторыяй Хрыста? Як мы перажываем праўду аб тым, што з’яўляемся сябрамі Хрыста? Ці святло Уваскрослага Хрыста спадарожнічае нам?» (AG)
|