23 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу для членаў Руху факаляраў. Імша праходзіла ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысцiцеля.
Разважаючы над рэфрэнам святой Імшы гэтага дня “Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі”, Мітрапаліт у гаміліі адзначыў: “Мы з'яўляемся сведкамi i ўдзельнiкамi аднаўлення аблічча зямлi. Сёння людзi жывуць не так, як жылi яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў таму. На нашых вачах змяняюцца гарады, дарогi, стыль жыцця чалавека”.
“Але цi ўсё гэта можна лiчыць сапраўдным аднаўленнем аблічча зямлi? Цi для гэтага дастаткова толькi развiцця iнфраструктуры i стылю жыцця чалавека?” – паставіў пытанне іерарх і падкрэсліў, што “сапраўднай зменай аблічча зямлi з’яўляецца не што іншае, як змена самога чалавека”.
Арцыбіскуп дадаў, што “ў дзень Спаслання Святога Духа распачалося сапраўднае абнаўленне аблічча зямлi”. “Трэба ўсвядомiць, што падзея Пяцiдзясятнiцы – гэта не аднаразовая падзея. Дух Святы ўжо 2000 гадоў вядзе Касцёл вызначаным яму Богам шляхам, i сёння таксама вядзе яго па ўзбураных хвалях акiяну ўжо XXI стагоддзя, - звярнуў увагу іерарх. - Чынiць Ён гэта праз выбраных Ім людзей. Мы добра ведаем, як восем стагоддзяў таму Бог паклікаў святога Францiшка, каб аднавiў Касцёл. Сем дзесяцігоддзяў таму ён выбраў К’яру Любiч для спецыяльнай місіі. Выбраў у вельмi складаны час гiсторыi свету, калi палаў агонь II Сусветнай вайны. Яна стала iнструментам у Божых руках, каб агню вайны супрацьпаставiць агонь Святога Духа”.
“Рух факаляраў інакш называецца Справай Марыі. Галоўным заданнем яго з’яўляецца ажыццяўленне слоў Езуса Хрыста “Каб усе былі адно”. Праблема еднасці была і працягвае заставацца адной з найбольш актуальных. Калі мы гаворым аб еднасці, то найчасцей думаем аб еднасці хрысціян, бо існуючыя паміж імі падзелы – гэта не што іншае, як скандал, - адзначыў Мітрапаліт. - Але існуюць яшчэ падзелы ў нашых грамадствах, сем’ях, касцёльных супольнасцях. Адны народы ваююць супраць іншых. Узнімаецца тэрарызм, нянавісць, насілле і г.д. Таму праблеме еднасці неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, чым і займаецца Рух факаляраў”.
Арцыпастыр нагадаў, што пасланне Руху факаляраў “грунтуецца на патрабаванні Езуса ставіць Бога на першае месца і любіць адзін аднаго”. “Гэтае пасланне вельмі актуальна ў наш час і яго нясе ў свет Рух факаляраў, перадусім праз сваю малітву, засяроджанне на вучэнні Евангелля і хрысціянскае сведчанне. Як гэта важна сёння! Сведчанне ў секулярным свеце гаворыць мацней, чым словы, і прыцягвае іншых да Хрыста”, - заўважыў іерарх.
“Дзякуючы гэтаму сведчанню вы становіцеся святлом свету і соллю зямлі. Свет патрабуе гэтага святла, каб не заблудзіцца ў цемры секулярызму і маральнага рэлятывізму. Свет патрабуе хрысціянскай солі, каб не сапсавацца”, - дадаў арцыбіскуп, звяртаючыся да членаў Руху факаляраў.
Мітрапаліт пажадаў, каб Святы Дух напоўніў увесь Рух факаляраў сваёй прысутнасцю і сваімі дарамі, каб дзякуючы іх служэнню “змяніўся чалавек і аблічча зямлі, а ў свеце запанавала еднасць”. (AG)
|