Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста: «Эўхарыстыя ратуе наша духоўнае жыццё»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.06.2015 18:42

4 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэты дзень, як сказаў арцыпастыр у гаміліі, “сваімі думкамі мы пераносімся ў Вячэрнік, дзе Езус перад сваёй крыжовай смерцю ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства”. Іерарх нагадаў, што гэтыя два сакрамэнты звязаны паміж сабой непадзельна, бо “Эўхарыстыі няма без святарства”, “толькі святар моцаю Езуса Хрыста можа перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста”.

Мітрапаліт падкрэсліў, што ў гэтую ўрачыстасць неабходна аднавіць веру ў прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. “Ён застаўся з намі пад відамі хлеба і віна і жадае быць разам з намі ў нашых цяжкасцях, каб умацаваць нас, - дадаў іерарх. - Ці мы сапраўды Яго любім? Ці верым у Эўхарыстыю? Ці стараемся выконваць Яго запавет, выказаны ў словах: “Гэта чыніце на Маю памяць”, прымаючы ўдзел у нядзельных і святочных Імшах?”

“Мы ў жыцці бываем часта паранены грахом і клопатамі штодзённага жыцця, так што трацім яго сэнс. Як часта ў нашых праблемах і духоўных хваробах мы шукаем лекаў, якія не могуць вылечыць. Ці хтосьці можа даць прыклад, як алкаголь, наркотыкі, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё выратавалі чалавека? Не, ніхто, бо амаральныя лекі, якія прапануе свет, не толькі не лечаць, але вядуць да яшчэ большай хваробы”, - адзначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт падкрэсліў таксама, што Эўхарыстыя, “хлеб, які дае нам Маці-Касцёл, ратуе наша духоўнае жыццё”, і заклікаў вернікаў падзякаваць Хрысту “за гэты бясцэнны дар”. “Якое шчасце, што ў нашых касцёлах у Эўхарыстыі жыве Хрыстус. Той самы, які нарадзіўся ў Бэтлееме, які памёр на крыжы, уваскрос і ўзышоў на неба, каб нам паслаць свайго Святога Духа і падрыхтаваць месца ў нябесным Валадарстве”, - сказаў арцыпастыр.

Мітрапаліт дадаў, што “гэта тая любоў, якой Ён палюбіў нас і далей любіць”, і на яе "мы павінны адказаць падобнай любоўю да Эўхарыстыі, каб Езус Эўхарыстычны быў як мага часцейшым госцем у нашых душах”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.