ХХV пілігрымка «Мінск-Будслаў» вырушыла: свет чакае новых апосталаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.06.2015 12:51 |
Узброеныя спеўнікамі і ружанцамі, з зялёнымі стужкамі-гальштукамі на
шыях і капелюшах, а хто і на сваіх заплечніках, з харугвамі і сцягамі —
гэта яны, пілігрымы XXV пешай пілігрымкі «Мінск-Будслаў». Іх колькасць
270. І яны вырушылі раніцай 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць свв. апосталаў
Пятра і Паўла. У мінскай пілігрымцы, якая вырушае ад катэдральнай святыні Імя Найсяцейшай Панны Марыі, ідуць не толькі мінчукі, але і пілігрымы з іншых дыяцэзій, а таксама з іншых краін. Напрыклад, у гэтым годзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які благаслаўляў пілігрымку ў шлях, прывітаў пілігрымаў з Саратава, а таксама з Польшчы. Пераважная большасць пілігрымаў — студэнцкая і працоўная моладзь, хоць заўсёды шмат і дзяцей, і асоб больш сталага ўзросту. Сёлета ізноў, ужо па традыцыі, адказны за пілігрымку кс. Дзмітрый Дубовік. Пілігрымка вырушае ў гэтым годзе, як сказаў падчас Імшы для пілігрымаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у вялікае і вельмі папулярнае свята — урачыстасць свв. апосталаў Пятра і Паўла. У гаміліі арцыбіскуп разважаў пра гэтых двух волатаў, на якіх пачало расці і мацнець хрысціянства: пра простага рыбака, які быў названы Пятром, і вельмі адукаванага фарысея, які быў названы Паўлам. Як мог стаць на чале Касцёла просты рыбак, які тройчы яшчэ і адрокся ад Хрыста? А той, хто пераследваў хрысціянаў і каго яны так баяліся, стаў самым вялікім місіянерам? Разважаючы над лёсам Пятра, арцыбіскуп падкрэсліў, што ў Бога «слабое можа стаць моцным», адзначыўшы моц Божага паклікання, якім Ён абдорвае чалавека: «Калі Бог кагосьці кліча — дае адпаведныя сілы, а голас Езуса настолькі моцны і прывабны, што людзі, якія чуюць яго, пакідаюць усё, як евангельскія рыбакі», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш. Было адзначана, што кожны з нас з’яўляецца Пятром, які грашыць, але і Пятром, якому Езус прабачае і даручае сваю місію ў гісторыі збаўлення. Таксама іерарх дадаў, што сучасны свет патрабуе і новых Паўлаў ХХІ стагоддзя, якія панясуць Евангелле новым народам. Апостал Павел, нягледзячы на тое, што імя яго азначае «малы», стаў самым вялікім місіянерам, а ў сваёй пілігрымцы жыцця стаў самым вялікім апосталам. Звяртаючыся да пілігрымаў напрыканцы гаміліі, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў ім «ісці з Езусам і несці Яго людзям, якія убачаць вас па дарозе». «Вы будзеце ісці і, можа, хтосьці з сустрэчных запытае: а якая праўда вашага жыцця?» — заўважыў арцыбіскуп. І пілігрымы, якія спяваюць песні пра Хрыста і да Хрыста і якія самі гэтыя песні складаюць, перакладаюць з іншых моў на сваю родную, трымаюць у руках гітару, усміхаюцца і вітаюцца з тымі, хто ім сустракаецца на шляху, прамовяць у адказ, а хутчэй і праспяваюць: «Езус – наш Пан, Езус – наш Цар, Езус – свету Валадар».
Аксана Ючкавіч, фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |