Традыцыйна і падчас сёлетніх урачыстасцяў у Будславе браты капуцыны запрашаюць усіх жадаючых на капучына і не толькі. Спецыяльная палатка, як заўсёды, будзе змяшчацца ў парку перад базылікай і насіць назву «У капуцына».
У палатцы можна будзе пакаштаваць смак Божага Слова падчас размовы з братамі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з жыццём ордэна. Наведвальнікаў чакае:
Кава капучына. Ці можа быць штосьці лепшае для стомленага пілігрыма, чым халодны напой ці кубак смачнай кавы капучына з прыгатаваным братамі капуцынамі печывам? Хоць капучына і з’яўляецца кававым напоем італьянскай кухні, аднак яго назва паходзіць ад назвы супольнасці капуцынаў у гонар благаслаўлёнага Марка з Авіяно – італьянскага манаха з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, які ў 1683 годзе падтрымліваў еўрапейскія войскі на чале з Янам ІІІ Сабескім падчас бітвы з туркамі пад Венай. Дзякуючы ягонай малітве і гарачым, поўным веры і надзеі словам сумесныя еўрапейскія легіёны змаглі перамагчы туркаў і выратаваць Еўропу ад Асманскай імперыі. Пасля пераможнай бітвы жыхары Вены сустракалі ваяроў прыгатаванай кавай, якую здабылі ў турэцкіх лагерах. Яна здалася вельмі моцнай і яе разбавілі малаком, а назвалі капучына ў гонар бл. Марка з Авіяно, таму што колер кавы нагадваў колер манаскага адзення брата капуцына. З таго часу ўвесь свет ведае каву капучына з успененым малаком. Калі камусьці пашанцуе, той зможа напіцца капучына з адмысловага капуцынскага кубка, а нават яго набыць.
Друкаваныя выданні, створаныя пры падтрымцы Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Перадусім гэта І і ІІ том Літургіі Гадзінаў - літургічная кніга, у якой сабраны прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі штодзённай малітвы Божага народу. Для кожнай з літургічных гадзінаў падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, біблійныя і агіяграфічныя чытанні. Традыцыйная назва гэтай кнігі – «Брэвіярый». Таксама там можна знайсці папскія дакументы, літургічныя кнігі і абрады, прыдатныя для выкарыстання ў кожнай парафіі або сям’і.
Літургічнае адзенне – (лац.) “Sacris Vestibus”. У складзе Мануфактуры капуцынаў дзейнічае майстэрня “SACRIS VESTIBUS”, якая спецыялізуецца на вырабе прадукцыі, неабходнай для штодзённага богаслужбовага жыцця і ўпрыгожвання святыні. Майстэрня дзейнічае пад апекай Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. У супрацоўніцтве з братамі вытворчасцю вырабаў займаюцца кваліфікаваныя спецыялісты па пашыве, мадэляванні і вышыўцы літургічнага адзення. (Гл. таксама sacris.by.)
Простыя словы, простыя рэчы… Таксама можна пагутарыць з братамі капуцынамі, задаць розныя пытанні, пазнаёміцца бліжэй. Афіцыйная старонка Беларускай Кустодыі Ордэна Мешых Братоў Капуцынаў - kapucyny.by.
(AG)
|