Спяваем абодвума лёгкімі — грэка-католікі прымаюць чынны ўдзел у будслаўскім свяце |
Грэка-Каталіцкая Царква |
03.07.2015 22:01 |
Усходняя і заходняя хрысціянскія традыцыі – лёгкія, якімі дыхае хрысціянская Еўропа, Касцёл, а разам з Паўсюдным Касцёлам і ўвесь свет, неаднаразова казаў Папа Ян Павел ІІ. Таму Каталіцкі Касцёл у Беларусі дыхае поўнымі грудзьмі, пра што сведчыць дзейнасць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам - хоць яшчэ і не надта вялікай, але вельмі актыўнай. Таксама і ў Будславе рыма- і грэка-католікі разам ідуць да Маці Божай, разам удзельнічаюць у літургіях, спяваюць, ладзяць розныя забавы і іншыя мерапрыемствы. Акрамя таго, грэка-католікі традыцыйна моляцца акафістам перад Будслаўскім санктуарыем і ноччу служаць літургію. І ўжо немагчыма ўявіць сабе грэка-каталіцкую супольнасць без хору "Прасфара", кіраўніцай якога з’яўляецца Марта Янушкевіч. "У нас шмат рыма-католікаў, якія вельмі палюбілі ўсходні абрад і літургічную музыку. Уніяцтва нарадзілася на Беларусі, і мне блізкая сама ідэя еднасці ўсходняга і заходняга хрысціянства", – распавядае Марта. "Прасфара" – на грэчаскай мове значыць "прынашэнне", бо для харыстаў гэткай свядомай ахвярай у служэнні Богу, Царкве і людзям з’яўляецца іх спеў. Калектыў існуе ўжо восьмы год, запісаў два дыскі, выступаў у розных месцах Беларусі, а таксама за яе межамі – у Італіі, Украіне, Польшчы, Чэхіі. "Мяне прыцягнулі прыгажосць і глыбіня ўсходняга спеву. Я лічу, што БГКЦ – нашая спадчына і гісторыя. Падчас Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе я пазнаёмілася з грэка-католікамі, была ў захапленні ад іх спеваў і абраду, і зараз хаджу на грэка-каталіцкую літургію ў Мінску кожны тыдзень", – кажа Багдана Куталоўская. "Прасфара" спявае на беларускай і царкоўнаславянскай мовах, а таксама выконвае літургічныя і народныя спевы іншых народаў. Хор, у якім удзельнічаюць і рыма-католікі, з’яўляецца жывым прыкладам еднасці ўсходняй і заходняй хрысціянскай традыцыі у адзіным Апостальскім Каталіцкім Касцёле. "Нашу актыўнасць вельмі падштурхоўвае архімандрыт Сяргей Гаек. Ён сталы чалавек, але вельмі дзейны, гарыць справай БГКЦ і запальвае астатніх", – сказала Марта. Аляксандр Гелагаеў |