ХІІІ Музычная майстэрня: «Ты яшчэ не ў Івянцы? Далучайся, паспяшы!» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
22.07.2015 19:46 |
З 20 ліпеня ўжо ў трынаццаты раз маладыя хрысціянскія музыкі з усёй Беларусі завіталі ў гасцінны Івянец, каб вучыцца, абменьвацца досведам і супольна праслаўляць сваімі талентамі Таго, ад каго іх атрымалі. Група “майстроў” з Польшчы, пад кіраўніцтвам Яна Паспяшальскага, вядомага вядучага і музыканта, і Соф’і Баркоўскай, нязменнага дырыжора, ужо ад самай першай “Майстэрні” ажыўляе сустрэчу. У гэтым годзе кожны можа знайсці нешта на свой густ, бо ў “настаўніцкім складзе” прафесійныя джазавыя музыкі, удзельнікі гуртоў New Life M і Sound’n’Graсe. Падрыхтоўка да літургіі з керыгматычнымі катэхезамі а. Міхаіла Цвячкоўскага MIC — “духоўнага айца” сустрэчы — змяняюць заняткі ў групах. У вялікай зале таямніцы рытму выкладае перкусістам Пётр Янкоўскі, барабаншчык New Life M. Адзінаццаць гітар ва ўтульнай кухоннай атмасферы твораць аранжыроўку новага спеву, а на другім паверсе чутно сугучча скрыпак і кларнетаў. Тэатральная група ламае галаву над сцэнарам новай пастаноўкі, а дэкаратары абменьваюцца каментарамі над эскізам — заўтра адарацыя ў духу Тэзэ.
А палове шостай удзельнікі збіраюцца на святую Імшу — сэрца і цэнтральны момант майстэрні. Яшчэ толькі рэпетыцыя спеваў — і францішканскі касцёл напоўніцца гармоніяй двухсот пяцідзесяці галасоў. Музыка ўзносіцца ўвышыню, атуляе. Яна паўсюдна, а з ёй і малітва шматасабовага хору. Пасля — вячэра (бо не спевам адзіным жыве музыкант) і вечар праслаўлення. А ў кавярні «У францішканаў», што паблізу, ужо ладзіцца атмасфернае святло і настройваецца гук — там сёння да апоўначы джазавы канцэрт. Магчыма, чытаючы гэтыя радкі і праглядаючы фотаздымкі, адчуваеш жаль, што цябе тут няма. Гэта лёгка выправіць! «Музычная майстэрня» і Малітоўная сустрэча моладзі прапануюць яшчэ шмат цікавых падзей. Івянец чакае! А. Яўген Голуб OFMConv |
Фотарэпартаж |