Моладзь ізноў збіраецца ў Івянцы (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.07.2015 20:23 |
24 ліпеня ў Івянцы стартавала чарговая Малітоўная сустрэча моладзі. Сёлета яна праходзіць пад тэмаю «Маё асабістае навяртанне». r
Распачалася сустрэча святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Звяртаючыся да маладых людзей, іерарх сказаў: «Каб стаць лепшым, каб змяніць сусвет, каб змяніць чалавецтва, трэба распачаць ад навяртання. Гэта першае пытанне, якое я задаю сёння ўсім нам: ці патрэбна нам навяртанне? Сёння мноства людзей перажываюць моцны дакор свайго ўласнага сумлення, таму нам усім навяртанне патрэбна: і асабістае, і агульнае. Аднак пачынаць справу навяртання трэба ад саміх сябе». Многія маладыя людзі ўдзельнічаюць у дадзенай сустрэчы не першы раз, але ёсць і тыя, для каго яна з'яўляецца сапраўдным духоўным адкрыццём. «Я першы раз тут, і я спадзяюся, што праз гэтую малітоўную сустрэчу мы зможам умацаваць свой дух, наблізіцца да Бога і праславіць Яго», - распавядае Крысціна Баёк. Яе сяброўка Сафія Ананіч дадае: «Мне здаецца, што гэтая сустрэча прывядзе нас да Бога. Мы павінны даведацца, што Ён нас любіць, што Ён любіць кожнага чалавека».
На працягу трох дзён хлопцы і дзяўчаты будуць маліцца, удзельнічаць у канферэнцыях, круглых сталах, а таксама разам бавіць час. Плануюцца канцэрты, выступленне «Божай банды былых бандытаў» з Польшчы, шчырыя размовы з іерархамі Касцёла ў Беларусі, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы праводзіцца ўжо восьмы раз. Першая сустрэча была міждыяцэзіяльнай і адбылася з нагоды 23-га Сусветнага дня моладзі ў Сіднэі ў 2008 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Віталій Палінеўскі, Марына Валасар |
Фотарэпартаж |