9 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на чытанне Евангелля гэтага дня, дзе Езус кажа, што той, хто будзе есці хлеб, які Ён дасць, будзе жыць вечна.
Па словах іерарха, ёсць два шляхі, якімі пайсці ў разуменні Езуса: “шляхам сучаснага свету і ягонай секулярнай логікі” ці “дазволіць Богу, каб нас вёў”.
“Свет нам кажа, што Хрыстус – гэта не Бог. Гэта звычайны чалавек, можа, больш здольны і спрытны, але чалавек. Чаму мы павінны Яго слухаць? Што Ён можа нам даць? Не патрабуем Яго і не павінны Яму верыць! У выніку гэтага чалавек кажа, што сам сабе парадзіць, без Бога, сакрамэнтаў, святой Імшы, Касцёла і г.д., - сказаў Мітрапаліт. - Аднак такі спосаб мыслення і жыцця вядзе да непакою, які чалавек імкнецца заглушыць іншым чынам. Усё гэта вядзе да алкагалізму, наркаманіі, свабоднага ад маральных нормаў жыцця і г.д. Нярэдка сучасны чалавек гучна выступае супраць Бога і Касцёла, каб толькі заглушыць у сабе голас сумлення. Такім чынам ён шукае паплечнікаў у бунце супраць Бога. Аднак такі шлях не прыносіць задавальнення і не вырашае праблемы. Супакой сэрца не залежыць ад моцы дэцыбел музыкі ці сучаснага свету. Наадварот, усё гэта вядзе да агрэсіі, злосці і нянавісці”.
“Але ёсць і іншы шлях мыслення, а менавіта даверыцца Богу і Яго слову. Бог дае нам слова жыцця, дзякуючы якому чалавек пачынае жыць лепей. Перастае баяцца, бо ведае, што можа даверыць свой лёс Богу. Такім спосабам Бог прыцягвае нас да сябе. Ён паказвае, як выйсці з пасткі страху і смерці, даючы надзею ўваскрасення”, - звярнуў увагу іерарх.
Арцыбіскуп дадаў, што “таму, хто становіцца вучнем Бога, хто Яму давярае, не патрэбны ніякія доказы, акрамя сваёй веры”, і “Езус кажа, што хто верыць у Яго, той мае жыццё вечнае”.
“Мы жывём у грамадстве, якое страціла свае арыенціры і плыве ў мора перамен, - заўважыў Мітрапаліт. - Для нас такім арыенцірам заўсёды павінна заставацца Божае права і сакрамэнты. Такім арыенцірам павінна быцьтаксама і Эўхарыстыя – хлеб вечнага жыцця. Ужо 2000 гадоў Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, якая нас аб’ядноўвае, змяняе наша жыццё на лепшае і вядзе ў новае”. (AG)
|