Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Сучаснасць Марыі – наша будучыня, бо і нашы цела і душа прызначаны для вечнага шчасця»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.08.2015 15:10

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Насвяцейшай Панны Марыі.

Мітрапаліт звярнуў увагу ў гаміліі, што тэалагічным абгрунтаваннем праўды аб Унебаўзяцці Марыі з’яўляецца тое, што Яна была зачата без першароднага граху і такой засталася праз усё сваё жыццё. Таксама Марыя “дасканала выканала Божую волю і нарадзіла свету Збаўцу”, і “самае галоўнае - Яна стала першым табэрнакулюмам, бо ў сваім улонні насіла Езуса”; таму “Хрыстус не мог пагадзіцца з тым, што Яе цела раздзеліць лёс цела кожнага іншага чалавека і будзе пахавана ў зямлі, каб толькі напрыканцы часоў далучыцца да хвалы святых”.  

Арцыпастыр назваў урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі “святам душы і цела”. “Езус Хрыстус збавіў усяго чалавека з душой і целам, і ўвесь чалавек прызначаны для нябеснай славы. Марыя першая спазнала такую славу. Сучаснасць Марыі – гэта наша будучыня, бо і нашы цела і душа прызначаны для вечнага шчасця”, - патлумачыў іерарх.

“Найчасцей мы ўяўляем Марыю як вельмі спакойную, засяроджаную на малітве асобу. Гэта так і не. Будучы чалавекам глыбокай малітвы, Яна адначасова была і вельмі актыўнай, была пілігрымуючай жанчынай. Пасля наведвання св. Альжбеты Яна пайшла ў Бэтлеем, каб там нарадзіць Збаўцу свету. Потым уцякала ў Егіпет, каб Ірад не забіў Немаўлятка Езуса. На старонках Евангелля мы спатыкаем Яе як пілігрыма ў Ерузалемскую святыню, - нагадаў Мітрапаліт. - Такім чынам, Марыя папярэджвае апосталаў, якія ішлі ў свет і абвяшчалі Евангелле ўсім людзям. Яе з поўным правам можна нават назваць першай місіянеркай, якая несла Хрыста ў свет”.

“Марыя, хаця і пакінула гэты свет, тым не менш заўсёды застаецца з намі як наша духоўная Маці і заступніца, - дадаў арцыбіскуп. - Усе мы з’яўляемся пілігрымамі, падобна як Марыя падчас свайго жыцця на гэтай зямлі. І мы павінны прасіць Марыю, каб дапамагла нам у гэтай пілігрымцы ў дом нашага нябеснага Айца”.

Мітрапаліт заахвоціў вернікаў перад тым, як яны выйдуць з касцёла, застацца на хвіліну і на малітве звярнуцца да Марыі, каб Яна “была нам зоркай у нашай пілігрымцы ў дом нябеснага Айца”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.