Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу св. Роха ў в. Шабуні Пухавіцкага раёна.
Капліца ў в. Шабуні была пабудавана ў XVIII cтагоддзі. Легенда кажа, што, калі ў гэтыя месцы прыйшла эпідэмія халеры, католікі разам з праваслаўнымі набылі абраз св. Роха, усталявалі яго ў галоўным алтары капліцы, і заразная хвароба адступіла. У часы савецкага атэізму капліца была зачынена.
Святы Рох лічыцца апекуном хворых на заразныя хваробы, а таксама фармацэўтаў і ўрачоў, аб яго заступніцтве моляцца ў шпіталях, турмах і г.д. У іканаграфіі святы прадстаўлены як пілігрым з сабакам, які залізвае яго раны або бяжыць побач.
Вітаючы сабраных на ўрачыстасці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў апекуну парафіі кс. Сяргею Пекачову за запрашэнне, клопат пра вернікаў в. Шабуні і наваколля, выказаў падзяку гэтаму святару, вернікам і спонсарам за аднаўленне гістарычнай капліцы.
Кажучы ў гаміліі пра ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыпастыр адзначыў: “Марыя ў сваім улонні насіла Збаўцу і таму была як быццам першым табэрнакулюмам. Езус не мог дазволіць, каб гэты табэрнакулюм падвергся знішчэнню ў зямлі і чакаў уваскрашэння целаў напрыканцы свету. Таму Ён узяў сваю Маці ў неба з душой і целам пасля завяршэння Яе зямнога жыцця. Такім чынам сённяшняе свята – гэта свята душы і цела, бо ўвесь чалавек збаўлены і прызначаны для вечнага шчасця”. Іерарх назваў Панну Марыю “прыкладам, як дасягнуць шчаслівай вечнасці”. “Яе згода з Божай воляй змяніла гісторыю свету, - сказаў Мітрапаліт. - Таксама і наша згода з Божай воляй дасць нам новую перспектыву жыцця ў святле Божай праўды, якая ніколі не змяняецца і вядзе да вечнага шчасця”.
Арцыбіскуп назваў гэта “асабліва важным у наш час, калі адбываецца дэвальвацыя духоўных каштоўнасцяў, чалавек адмаўляецца слухаць Бога і будуе сваё жыццё, разлічваючы толькі на свае сілы”, “забываецца аб галоўным законе любові да Бога і бліжняга”.
Нагадваючы, што любоў Марыі да Божага закону і людзей “стала пачаткам ажыццяўлення Божага плану збаўлення”, іерарх дадаў, што любоў да Бога і бліжняга вяла праз жыццё і святога Роха, нябеснага апекуна гэтай капліцы.
Кажучы пра гэтую знакавую падзею - асвячэнне адноўленай гістарычнай капліцы св. Роха ў в. Шабуні, - Мітрапаліт падкрэсліў: “У гэтай капліцы людзі ўмацоўвалі сваю веру. У цяжкія часы ганенняў на Касцёл яны не адракліся ад яе, захавалі і перадалі маладому пакаленню, хаця ў 30-я гады мінулага стагоддзя многія з іх былі рэпрэсіраваны. Цяпер, у новыя часы свабоды веравызнання і адначасова часы адыходу ад Бога, яна адчыняе свае дзверы, каб быць месцам спаткання чалавека з Богам, каб лячыць духоўныя раны чалавека, чыніць яго духоўна здаровым і весці ў шчаслівую вечнасць, каб ён мог заняць месца побач з Унебаўзятай Марыяй”.
Арцыпастыр звярнуўся ў малітве да святога Роха, каб ён выпрасіў людзям у Бога ласку навяртання, каб яны “маглі паспяхова вылечыцца з хваробы духоўнай чумы” і, жывучы згодна з Божай воляй, “з душой і целам імкнуліся да вечнага шчасця”
(AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай
|