Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята св. Барталамея адзначылі ў парафіі ў Налібоках
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.08.2015 18:19

24 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках адзначалася свята св. апостала Барталамея – аднаго з яе апекуноў. Cвятую Імшу ў гэты дзень узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебраваў Імшу біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.

Таксама налібоцкі касцёл адзначае сёлета 80 гадоў ад пачатку будаўніцтва і 25 ад часу перадачы яго вернікам, а пробашч парафіі ксёндз канонік Мар’ян Шэршэнь святкуе юбілей 60-годдзя, 33 гады святарства і 25-годдзе працы ў Беларусі.



Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў у гаміліі аб гісторыі св. Барталамея, які быў адным з 12 апосталаў і абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Індыі, Арабіі і Эфіопіі, панёс мучаніцкую смерць, будучы ўкрыжаваным галавой уніз. Святы з’яўляецца між іншым апекуном працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, якое распавядае пра Барталамея (Натанаэля), арцыпастыр адзначыў: «Калі Езус сказаў яму, што бачыў яго пад смакоўніцай, то ён сапраўды распазнаў у Ім Збаўцу. Мы тут бачым фундаментальную трансфармацыю Натанаэля. Яшчэ перад тым, як Філіп сказаў Натанаэлю, што яны знайшлі таго, аб якім пісалі прарокі, а менавіта Езуса з Назарэта, Натанаэль спытаў яго, ці можа быць штосьці добрае з Назарэта. А цяпер ён у Ім пазнае чаканага Збаўцу».

«У сакрамэнце хросту мы ўключыліся ў Хрыста і сталі членамі Касцёла. Сучасны свет таксама задае пытанне: ці можа быць з прыналежнасці да Касцёла штосьці добрае, бо і без веры ў Бога і Касцёла можна быць шчаслівым і чыніць дабро? Так, сапраўды можна!

Але як часта гэтае дабро мы ацэньваем паводле нашых асабістых крытэрыяў! Тут трэба памятаць аб тым, што ўсім нам неабходна будзе стаць перад Богам, які будзе нас ацэньваць паводле сваіх, вельмі часта адрозных ад нашых, крытэрыяў, — нагадаў іерарх. — Таму прыналежнасць да Касцёла павінна быць крытэрыем нашай веры».

 


Арцыбіскуп дадаў, што яшчэ не так даўно, калі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібоках быў зачынены і зруйнаваны, «напэўна, не адзін казаў: ці з руінаў зачыненага на працягу амаль што паўстагоддзя касцёла можа паўстаць штосьці добрае? Ці яго можна аднавіць?» Але 25 гадоў таму ў Налібокі прыехаў ксёндз канонік Мар’ян Шэршэнь, які адважна ўзяўся за працу па аднаўленні святыні.

Мітрапаліт падзякаваў Богу за кс. Мар’яна, падзякаваў і самому святару, які прысвяціў сябе служэнню ў Беларусі, нагадаў, што ягоны брат таксама з’яўляецца святаром і працуе на місіях у Бразіліі.

«У гэтых сценах пісалася і працягваецца пісацца гісторыя нашага духоўнага адраджэння, у якім асаблівае месца займае кс. канонік Мар’ян Шэршэнь. З 33 гадоў святарства 25 ён прысвяціў Беларусі і парафіі ў Налібоках, верна выконваючы абавязкі абвяшчэння Божага слова, асвячэння людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і будавання касцёльнай супольнасці ў часы, калі вынішчаную ваюючым атэізмам зямлю неабходна перамяняць у духоўны аазіс», — сказаў Мітрапаліт.

Іерарх пажадаў святару, каб апекуны гэтай парафіі Маці Божая Унебаўзятая і святы Барталамей выпрасілі яму ў Бога ласку, каб яго «досвед, адданасць справе Касцёла і працавітасць, памножаныя на малітву, дапамаглі ў адказе на небяспечныя выклікі сучаснасці». Таксама арцыбіскуп пажадаў, каб налібоцкі касцёл, «як пладавітая смакоўніца», быў напоўнены «дзейнасцю, якая вядзе да спаткання чалавека з Богам, каб Хрыстус у нас прызнаў сапраўдных хрысціян». 

 

(AG),
фота Яўгена Шаблакова

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.