6 верасня, у XXIII Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі арцыпастыр паразважаў над чытаннем Евангелля на гэты дзень, якім распавядаецца аб аздараўленні Езусам глуханямога і якое з’яўляецца працягам Евангелля аб аздараўленні сляпога. Гэтыя гісторыі, па словах Мітрапаліта, нагадваюць аб Божай моцы Езуса і адначасова аб Яго клопаце пра абяздоленых і хворых.
«Гэтыя евангельскія аповеды – не толькі былая гісторыя, але таксама і сучаснасць. Яны непасрэдна адносяцца да нас, хрысціян XXI стагоддзя. Мы, можа, не з’яўляемся глуханямымі і сляпымі. Мы штосьці бачым, чуем і можам гаварыць. Але ці стараемся бачыць анамаліі нашага духоўнага жыцця? Ці хочам чуць пра іх? Ці маем адвагу скарэктаваць жыццё чалавека, які памыляецца, кажучы яму аб гэтым?» – паставіў пытанні іерарх.
«Нам, сляпым на духоўныя справы або слаба іх бачачым, неабходна прасіць Езуса, каб учыніў цуд, каб мы маглі бачыць Божы закон і бачыць яго парушэнні. Нам, глухім на голас Евангелля і навучанне Касцёла, трэба прасіць аб цудзе, каб мы яго пачулі, належным чынам успрынялі і практыкавалі ў нашым жыцці», – дадаў арцыбіскуп.
«Нам трэба звярнуцца да духоўнага лекара – Езуса Хрыста, і папрасіць Яго, каб вылечыў нас ад духоўнай слепаты і глухаты, каб мы добра бачылі духоўныя анамаліі нашага жыцця, не баяліся на іх адказваць і дапамагалі іншым выйсці з духоўнай залежнасці», – падкрэсліў Мітрапаліт.
Таксама іерарх прапанаваў вернікам падумаць: «ці ўспрымаем мы Езуса як Месію, бо і на нашых вачах Ён чыніць цуды?» Адным з гэтых цудаў, па словах арцыбіскупа, з’яўляецца атрыманая свабода веравызнання пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл.
«Дзякуючы гэтаму ў Касцёле мы можам вылечыцца ад духоўнай слепаты і глуханематы, каб праз нас, нашу глыбокую веру і хрысціянскае сведчанне, як каналы Яго аздараўляючай моцы, Езус чыніў цуды навяртання іншых людзей, каб усе хвалілі Пана, нашага Творцу і Збаўцу», – звярнуў увагу арцыпастыр. (AG)
|