«Перадаваць святло веры»: у «Мiнскiм тэалагiчным каледжы імя св. Яна Хрысцiцеля» адкрыўся новы навучальны год |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.09.2015 13:37 |
5 верасня ў «Мiнскiм тэалагiчным каледжы імя св. Яна Хрысцiцеля» ўрачыста распачаўся новы навучальны год. Яго адкрыццё адбылося ў касцёле святых Сымона і Алены. Цырымонія адкрыцця пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Каледж каталiцкай тэалогii iмя св. Яна Хрысцiцеля, якi паўстаў у 2013 г. з заснаванага ў 2010 г. Цэнтра падрыхтоўкi катэхетаў, сёння пачынае пiсаць сваю новую старонку. Наша каталiцкая навучальная ўстанова паспяхова завяршыла першае пяцiгоддзе i пачынае другое. За гэты час было падрыхтавана нямала катэхетаў», — сказаў Мітрапаліт у гаміліі.
Арцыпастыр дадаў, што многія з гэтых катэхетаў працуюць у парафiях, многiя «дзякуючы сваiм ведам i досведу з’яўляюцца сведкамi веры i каталiцкага вучэння», што «вельмi важна ў наш час, калi большасць аргументаў бярэцца з iнтэрнэту». Мітрапаліт падкрэсліў важнасць духоўнай фармацыi дзяцей i моладзi і ў сувязі з гэтым нагадаў, што падрыхтоўка катэхетаў займае асаблiвае месца ў жыццi Касцёла. Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, арцыбіскуп адзначыў: «Мы бачым, як шмат у сучасным свеце забабонаў, фальшывых вучэнняў i iнтэрпрэтацый Евангелля, сектаў, рэлiгійных мiфаў. Езус у сённяшнiм Евагеллi кажа, што Ён, i нiхто iншы, з’яўляецца Панам шабату i толькi Яго неабходна слухаць. Таму перад вамi, дарагiя студэнты, стаiць вельмi адказнае заданне: так падрыхтавацца, каб аргументавана адказваць на выклiкi нашага часу ў галiне перадачы веры i навучання яе праўдам».
«Звычайна мы кажам, што ўначы свецiць месяц. На самой справе гэта не так. Месяц не з’яўляецца крынiцай святла i таму не свецiць, ён толькi адлюстроўвае святло, — сказаў арцыпастыр. — Мы таксама не з’яўляемся крынiцай вучэння Хрыста i крынiцай Божага святла, але толькi тымі, хто яго перадае. Атрыманае намi святло веры мы павiнны перадаваць iншым». «Касцёл дае нам унiкальны шанец атрымаць тэалагiчную адукацыю i паглыбiць нашу веру, — нагадаў іерарх студэнтам каледжа. — Не будучы крынiцай святла Божай праўды, мы павiнны стаць боскім месяцам, каб у секулярнай начы перадаваць святло веры iншым людзям». Падчас святой Імшы новы выкладчык каледжа кс. Ігар Лашук, які будзе выкладаць студэнтам дагматычную тэалогію, перад духавенствам і вернікамі склаў Сімвал веры. З гэтага моманту разам з кс. Ігарам у каледжы стане 25 выкладчыкаў — свецкіх і духоўных асобаў.
Як паведаміў дырэктар каледжа кс. д-р Ян Крэміс, новы навучальны год каледж пачынае з
рэкорднай колькасцю студэнтаў – 84. На першы курс сёлета паступiла 43 чалавекі. Пасля святой Імшы адбылася інаўгурацыя навучальнага года, падчас якой студэнты першага курса атрымалі з рук Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча залікоўкі.
Куратар першакурснікаў кс. Аляксандр Улас, доктар маральнай тэалогіі, прачытаў уводную лекцыю, прысвечаную штучнаму апладненню метадам in vitro, звязаным з ім маральным праблемам і аргументацыі адмоўнага стаўлення Каталіцкага Касцёла да in vitro.
На завяршэнне інаўгурацыі прысутных чакаў пачастунак, пасля чаго ў каледжы пачаліся лекцыі. (AG) Фота Віталія Палінеўскага |
Фотарэпартаж |