19 верасня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках пройдзе асвячэнне новай капліцы. Напярэдадні знямянальнай падзеі мы пагутарылі з адміністратарам парафіі кс. Андрэем Кеўлічам.
«Нейкія грунтоўныя працы спачатку нават не марыліся» «У Каталіцкай святыні ў Горках няма з 1866 года, калі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага быў зачынены адзіны драўляны касцёл, — распавядае кс. Андрэй Кеўліч. — На жаль, далейшы лёс будынка невядомы».
Адміністратар парафіі адзначае, што нягледзячы на тое, што аднаўленне парафіі распачалося ў 2006-ым, рэальную магчымасць, каб у Горках ізноў паўстала каталіцкая святыня, з’явілася толькі летась. Так выглядала будучая капліца перад перабудовай:
«На жаль, наша супольнасць не мела ды і не мае зашмат сродкаў, каб атрымаць, напрыклад, земляны надзел і распачаць будоўлю цалкам новага будынка, таму мы вырашылі набыць памежны будынак з домам, у якім людзі збіраліся на малітву, каб прыстасаваць яго пад асобную капліцу.
Калі быць шчырым, то спачатку нават не марыліся нейкія грунтоўныя працы — гаворка ішла больш пра касметычны рамонт. Аднак Божы Провід пакіраваў інакш», — дадае кс. Андрэй.
Рамонтныя працы па прыстасаванні звычайнага дома пад капліцу распачаліся ў маі 2014-га. Спачатку былі збураны перагародкі ўнутры дома, зменены вокны і заменены дах.
«Восенню ўдалося ўсталяваць новую праводку, а таксама заліць цэментную падлогу. У студзені бягучага года распачаліся ўнутраныя працы, — працягвае святар. — Акрамя гэтага, мы змаглі правесці газіфікацыю будучай капліцы і падвесці вадаправод.
Унутраныя рамонтныя працы былі скончаны ў маі 2015-га. Але гэта не азначае, што працы ўжо скончаны. Прызнаюся шчыра, яшчэ шмат чаго наперадзе — неяк трэба і фасад капліцы зрабіць, і хочацца, каб і крыж быў таксама над нашай святыняй, і каб тэрыторыя, якую маем, выглядала належным чынам і радавала вока… Планы ёсць, былі б сілы і магчымасці».
— З якімі цяжкасцямі падчас «перабудовы» капліцы Вы сутыкнуліся?
— Найпершай цяжкасцю было амаль поўная адсутнасць разумення таго, як гэта можна зрабіць — на жаль, у семінарыі нас гэтаму не вучылі (усміхаецца — рэд.).
Наступнай праблемай і, бадай, на жаль, самай галоўнай цяжкасцю быў фінансавы бок пытання…
Але нават калі ёсць нейкая мэта, і ёсць сродкі — яшчэ вельмі важнае пытанне — хто зробіць і наколькі якасна?
— Распавядзіце пра тых, хто дапамагаў Вам у гэтай справе. Як адгукнуліся на працу парафіяне?
— Не было б капліцы, калі б не было вернікаў, якія сапраўды розным чынам актыўна дапамагалі падчас правядзення прац. Не было б горацкай капліцы, калі б не шматлікія парафіі нашай архідыяцэзіі, а таксама Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій. Не было б у нас асобнага месца малітвы, калі б не падтрымка каталіцкіх фундацый.
Так выглядае капліца сёння:
— Чым стане для Вас, як для адміністратара парафіі, асвячэнне перабудаванай капліцы?
Спадзяюся, што новае месца малітвы сапраўды стане магчымасцю распаліць агонь веры на горацкай зямлі, а перад усім — не даць яму патухнуць.
Асвячэнне капліцы — гэта таксама пачатак новага этапу ў жыцці нашай парафіі, надзея на лепшую будучыню.
Падрыхтаваў Ілья Лапато
|