Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску прайшла пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.10.2015 21:12

Пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася 15 кастрычніка ў Мінску ў касцёле свв. Сымона і Алены.

Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, таксама быў прысутны дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Авільскае навучанне малітве»

Падчас сустрэчы, якая адбывалася якраз у дзень заканчэння Юбілейнага года святкавання 500-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса, даклад пра яе жыццё, пра яе «малітоўны шлях» і духоўную спадчыну, якая з’яўляецца вельмі актуальнай і для сучаснасці, прачытаў а. Сяргей Трысцень OCD.


Звяртаючы ўвагу на постаць святой ХVI стагоддзя, а. Сяргей Трысцень адзначыў, што праблемы і крызіс малітвы, якія перажывала авільская святая, сугучныя з тымі, што перажывае сучасны чалавек сёння.

«Шлях малітвы з’яўляецца вельмі складаным. Часта чалавек патрабуе асаблівых сведкаў, якія распавядуць пра прысутнасць і любоў Бога ў сваім асабістым жыцці. «Святая Тэрэза — яскравы прыклад такой сведкі», — заўважыў дакладчык.

Таксама святар адзначыў важнасць «сяброўства з Езусам», якое з’яўляецца сутнасцю хрысціянскага жыцця.

Святая Тэрэза якраз лічыла, што сяброўскія адносіны з Хрыстом могуць быць дарогай кожнага, хто моліцца. Навучанне гэтай святой аб малітве стала вялікай духоўнай спадчынай Касцёла, якая была прадстаўлена ў яе кнігах.

Паводле святой Тэрэзы, як адзначыў а. Сяргей Трысцень, «малітва — гэта сяброўскія адносіны, частае прабыванне сам-насам з тым, пра каго ведаеш, што ён цябе любіць».

Святая Тэрэза, па словах святара, на асабістым прыкладзе паказала малітву як сродак Божай ласкі, які перамяніў усё яе жыццё.

«Хрысціянства — гэта не культурны дадатак»

На Імшы, якая адбылася пасля даклада, у гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быць сапраўднымі сведкамі веры ў сваіх душпастырскіх асяродках: «Мы павінны быць сведкамі Езуса Хрыста, каб не толькі словам, але найперш сваім прыкладам быць сапраўднымі сведкамі, бо сучасны чалавек патрабуе сёння прыкладаў, патрабуе аўтарытэтаў».



Таксама біскуп адзначыў, што кожны святар і кансэкраваныя асобы павінны дзень за днём духоўна ўзрастаць.

«Нашае жыццё павінна быць прабываннем у Езусе Хрысце, бо тады мы сапраўды набярэм сокаў ад Бога, і гэтым сокам Божай ласкі мы зможам дзяліцца з іншымі», — сказаў біскуп.

Іерарх дадаў, што кожны вернік, кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб быць сведкам Хрыста ў сваім асяродку, «сведкам таго, што я жыву з Хрыстом і таму з’яўляюся шчаслівым, а таксама магу даць Яго іншаму чалавеку».



«Хрысціянства — гэта не толькі знешняя праява, хрысціянства — гэта не культурны дадатак. Сённяшні чалавек патрабуе сапраўднага прыкладу, вобразу і сапраўднай постаці», — адзначыў біскуп.

Пасля Эўхарыстыі ў душпастырскіх аб’явах была агучана радасная для архідыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі навіна аб трох новых дыяканах, якія прымуць пасвячэнне напрыканцы кастрычніка.

Наступная душпастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца 19 лістапада і пройдзе ў Мінску ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка).

(AYU), (JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.