Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адзначацца моцнай верай па прыкладзе апосталаў»: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Iмшу ў дзень свайго нябеснага апекуна
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.10.2015 00:04

28 кастрычніка, у свята свв. Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у мінскім архікатэдральным касцёле святую Iмшу ў дзень свайго нябеснага апекуна апостала Юды Тадэвуша.

У Імшы ўдзельнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Апостала Сымона ў Святым Пiсаннi называюць руплівым, што кажа аб яго сур'ёзным стаўленні да мiсii абвяшчэння Божага Валадарства. «Тадэвуш» азначае верны, што кажа аб яго вернасцi апостальскаму паклiканню. Святы Юда Тадэвуш таксама лічыцца апекуном у цяжкіх справах. Яго другое імя Тадэвуш, каб можна было адрознiць яго ад Юды Iскарыёта, якi здрадзiў Езусу. Аб гэтым нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі на Імшы.

Як гаворыцца ў Евангеллі, Сымон і Юда Тадэвуш былi паклiканы Хрыстом, каб стаць Яго апосталамi. Місію абвяшчэння Божага Слова яны выконвалі потым раздзельна: Сымон у Егiпце, а Юда Тадэвуш у Месапатамii. Праз 30 гадоў яны зноў сустрэлiся ў Персii, дзе дзякуючы іх прапаведванню ахрысціўся персідскі кароль і яго народ. Але мясцовыя магі і багачы, якія не прынялi хросту, сталi прычынай мучанiцкай смерцi апосталаў.


«Апостал Юда Тадэвуш пакінуў пасля сябе кароткае, але вельмi значнае пасланне. У iм ён заклiкае хрыцсiян заўсёды заставацца вернымi свайму паклiканню, жыццю згодна з Евангеллем, у практыкаваннi хрысцiянскiх цнотаў, асаблiва духоўнай чысцiнi i дабрачыннасцi», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Кажучы пра дзейнасць апосталаў у Персіі, арцыбіскуп нагадаў, што Сымона прымушалі там скласцi ахвяру богу сонца, а Юду Тадэвуша — богу луны, але яны адмовiлiся i таму загiнулi мучанiцкай смерцю. «Цi можам мы, людзi ўжо трэцяга тысячагоддзя, з упэўненасцю сказаць, што складаем ахвяры сапраўднаму Богу? Калi пакладзем руку на сэрца, то, напэўна, павiнны будзем прызнаць, што гэта не заўсёды так. Як шмат часу мы прысвячаем бязбожным справам! Нашымi касцёламi сёння становяцца стадыёны, канцэртныя залы, дыскатэкi, гандлёвыя цэнтры i г.д. Нашымi законамi становяцца злыя звычкi i ліберальнае права чынiць усё, што хочам. А як шмат часу мы прысвячаем пустым справам, служым не Богу, а злому духу? Цi гэта меншае зло, чым ахвяра кадзiдла створаным чалавечай рукой багам, ад чаго адмовiлiся святыя Сымон i Юда Тадэвуш?» — над гэтымі пытаннямі Мітрапаліт прапанаваў падумаць вернікам.


Арцыпастыр нагадаў, што апошнiя тры тыднi ў Ватыкане адбываўся прысвечаны сям'i Сiнод Бiскупаў, якi «яшчэ раз паказаў, што галоўнай прычынай крызiсу сям'i з’яўляецца крызiс веры». Кажучы пра тое, што святыя Сымон i Юда Тадэвуш «за вернасць Хрысту заплацiлi жыццём», іерарх дадаў: «Сёння ад нас нiхто не патрабуе плацiць за вернасць Богу жыццём, аднак мы самі ад Яго адракаемся i жывём так, як быццам Яго зусiм няма».

«Святы Юда Тадэвуш вучыць, што малiтвы спаўняюцца паводле нашай веры. Будучы чалавекам нязломнай веры, ён стаў апекуном у цяжкіх справах. Святы Сымон пакінуў нам прыклад руплівага захавання Божага права», — адзначыў Мітрапаліт.

Іерарх заклікаў вернікаў па прыкладзе гэтых апосталаў «жыць паводле Божага права, якое нiколi не змяняецца i заўсёды актуальнае», «адзначацца моцнай верай, у чым асаблiва мае патрэбу сучасны свет, каб стаўся цуд яго навяртання».


На заканчэнне Імшы Мітрапаліта павіншавалі з імянінамі прадстаўнікі духавенства і вернікаў.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.