1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Арцыпастыр адзначыў у гаміліі, што ў гэты дзень Касцёл успамінае як кананізаваных святых, так і тых, «працэс кананізацыі якіх не праводзіўся, але якія дзякуючы свайму цнатліваму жыццю знаходзяцца ў Божым Валадарстве».
Мітрапаліт прапанаваў удзельнікам Імшы падумаць над пытаннем: «Што для сучаснага чалавека азначае слова “святы”?» Па словах іерарха, «святыя знікаюць з нашага жыцця, бо ліберальны свет іх у нас забірае», «на алтары сучаснасці ўзводзяцца іншыя асобы, вядомыя ў свеце палітыкі, бізнесмены, спартсмены, так званыя зоркі поп-музыкі, артысты», а «пра сапраўдных святых гаворыцца, што гэта перажытак мінулага».
«Такія паводзіны падобныя да скоку ў плыткую ваду галавой уніз, што заканчваецца ламаннем карку. Мы забываемся, адкуль выйшлі і куды ідзём, забываемся, што павінны зрабіць. Мы баімся задаваць сабе пытанні, а калі задаём, то стараемся не мець на іх адказаў. Так жывучы, мы пагружаемся ў цемру, з якой не выведуць нас так званыя новыя святыя», – сказаў арцыбіскуп.
«У гэтыя дні мы спяшаемся на могілкі, наведваем магілы нашых блізкіх. Мы бачым магілы тых, якія жылі перад намі. На некаторых з іх напісаны словы: “Я быў такім, які ты ёсць сёння, але ты будзеш такім, які я ёсць сёння”. Гэтыя словы павінны нас абудзіць з летаргічнага грахоўнага сну, бо і нас чакае смерць», – адзначыў арцыпастыр.
«У Касцёле Езус вядзе ўсіх нас шляхам збаўлення. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца пра тое, што Езус прамаўляў да натоўпу людзей, не да апосталаў ці нейкай іншай групы, але да натоўпу. У гэтым натоўпе мы павінны пазнаць сябе саміх. Да нас адносяцца словы Яго слаўнага казання на гары, словы Яго васьмі благаслаўленняў, якія з’яўляюцца шляхам да святасці і збаўлення. Восем благаслаўленняў Хрыста – гэта маральны кодэкс хрысціяніна», – нагадаў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп заахвоціў заставацца «вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб ісці дарогай святасці». (AG)
|