«Не змарнуем дадзены нам шанец дапамагчы нашым памерлым, каб яны як мага хутчэй убачылі Бога тварам у твар, і нам самім, каб мы жылі паводле Божага права, якое з’яўляецца гарантыяй вечнага шчасця», – сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на вячэрняй Імшы ва ўрачыстасць Усіх Святых у мінскім архікатэдральным касцёле.
Іерарх нагадаў у гаміліі: «Сёння вечарам мы таксама пераносімся на месцы пахавання нашых памерлых і ў задуме становімся над іх магіламі, у сваіх малітвах давяраючы іх Божай міласэрнасці. (…) Вачыма душы мы бачым тых, якіх любілі нас і працягваюць любіць, якім мы ўдзячны за перададзены Божы дар жыцця і хрысціянскае выхаванне, за іх ахвярнасць і добразычлівасць адносна нас».
Арцыпастыр дадаў, што ў гэтыя дні ў Беларусі ўспамінаюць таксама «ахвяраў таталітарнага рэжыму, які знішчыў сотні тысяч нашых нявінных суайчыннікаў».
«Урачыстасць Усіх Святых перадусім нясе нам радасць, бо накіроўвае наш позірк да неба, да незлічной колькасці тых, якія заслужылі ўдзел у Божай святасці, – адзначыў арцыбіскуп. – Святыя не патрабуюць нашай пахвалы і іх зямны культ нічога ім не дадае. Аднак, калі мы разважаем пра святых, то яны нас заахвочваюць да іншага, новага жыцця».
Мітрапаліт падкрэсліў, што святасць – «шлях нялёгкі, але магчымы», бо «Бог ніколі не ставіць патрабаванняў, якія вышэй за нашыя сілы» і «дапамагае ў выпрабаваннях» – «неабходна толькі даверыцца Яму».
Урачыстасць Усіх Святых, па словах іерарха, прыгадвае таксама аб чысцы, бо 2 лістапада адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. «Мы павінны ім дапамагаць, бо яны самі для сябе ўжо нічога не могуць зрабіць. Іх час завяршыўся, яны ведаюць, што збаўлены, але яшчэ не могуць сузіраць Бога тварам у твар, і таму яны здадзены на нашу ласку», – патлумачыў арцыпастыр.
«Сёння мы павінны памятаць і аб нас саміх, аб нашых адносінах да жыцця і смерці, каб мы не змарнавалі нашага жыцця і клапаціліся не толькі аб матэрыяльных справах, але і аб вечных, – звярнуў увагу Мітрапаліт. – Выпрошваючы Божую міласэрнасць нашым памерлым, гэтым самым мы выпрошвам яе і для нас саміх, бо для нас прыйдзе час стаць перад абліччам Бога». (AG)
|