«Будуць шчаслівыя міласэрныя…» — выйшла беларускамоўная версія гімна СДМ-2016 |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.11.2015 23:17 |
«Кожны з нас задумваўся, ці шчаслівы ён, што яму патрэбна для шчасця, а тут літаральна ў адным выразе нам даецца адказ…», — казала падчас запісу беларускамоўнай версіі гімна для СДМ-2016 Алена Кот да харыстаў і музыкаў. «Я б хацела, каб вы ўклалі ў гэта ўсю сваю душу: хто ў словы, а хто ў ноты…», — дадала Алена Кот, рыхтуючыся да яшчэ «разку» запісу рэфрэна, які гучыць моцна і абуджальна: «Будуць шчаслівыя міласэрныя, таму што самі міласэрнась спазнаюць…» Пасеялі вясной, сабралі восенню Пошук тых, хто прыме ўдзел, пачаўся ў красавіку. Шматлікія рэпетыцыі і, нарэшце, запіс скончаны і зараз кожны ахвотны можа паслухаць афіцыйную версію гімна да Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў гістарычнай сталіцы суседняй Польшчы, куды збіраецца паехаць і беларуская каталіцкая моладзь. Гімн запісаны, але падрыхтоўка працягваецца, і зараз кожны можа далучыцца да яе прынамсі праз тое, каб і самому добра вывучыць спеў, які аб’яднае моладзь на кракаўскай зямлі. Адным з кіраўніком праекта па запісу гімна з’яўляецца а. Сяргей Трысцень OCD, які паведаміў, што прэзентацыя відэа-роліка гімна адбудзецца 19 лістапада. Аўдыёзапіс: Словы беларускай версіі гімна падрыхтавала Юлія Шэдзько, адказнасць па музычнай частцы прыняла на сябе Алена Кот. Рэпетыцыі, якія пачаліся летам, збіралі спяваючую і граючую моладзь у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены. Музыкі рыхтаваліся асобна ў адным памяшканні, харысты — у іншым, каб потым сабрацца разам і пасля малітвы перайсці да супольнай рэпетыцыі. Пасля актыўнай падрыхтоўкі надышоў час перабрацца ў студыю, каб пачаць запіс. Гімн да СДМ-2016 запісваўся ў прадзюсарскім цэнтры InstarMusic. Адным з ганаровых удзельнікаў падрыхтоўкі гімна стаў беларускі хрысціянскі спявак і кампазітар Аляксандр Патліс, які вядомы найперш праз творчасць у гурце «Новы Ерусалім». Сярод салістаў таксама невідушчая спявачка Патрыцыя Курганава, паэтка і перакладчыца гімна Юлія Шэдзько і артыст-вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Дзмітры Маціеўскі. Сама падрыхтоўка гімна з’яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі да Дня моладзі, якая ўжо аб’яднала моладзь у агульнай справе за гэтыя летнія і восеньскія месяцы. Апрача такой падрыхтоўкі, распрацавана падрыхоўка духоўная, якая будзе праводзіцца ў кожнай з дыяцэзій адпаведна з праграмамі, якія былі зацверджаны напрыканцы кастрычніка. Усім, хто запланаваў на наступнае лета сустрэчу з Папам Францішкам, можна пажадаць плённай і глыбокай падрыхтоўкі, а таксама сведчання міласэрнасці ў сваім жыцці, бо «шчаслівыя міласэрныя, таму што міласэрнасць спазнаюць...». Аксана Ючкавіч
|
Фотарэпартаж |