Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.11.2015 19:40

22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.

У гаміліі, тлумачачы сэнс урачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, Мітрапаліт звярнуў увагу на чытанне Евангелля гэтага дня, якое дапамагае зразумець прыроду Валадарства Хрыста. «На пытанне Пілата: “Ты кароль?”, – Езус адказаў: “Ты кажаш, што Я кароль”, – адзначыў іерарх. – Яго Валадарства не адпавядае нашым уяўленням аб каралеўстве. Будучы вязнем, высмеяны, збіты, каранаваны цернем, знаходзячыся перад намеснікам імператара, Езус уяўляе сабой духоўны аўтарытэт, які не мае нічога супольнага ні са знешнімі атрыбутамі ўлады, ні з яе мілітарнай сілай».

«Яго ўлада – гэта ўлада праўды. Ён прыйшоў, каб засведчыць аб праўдзе. Ён сам жыве праўдай і іншых вядзе да праўды, якая вядзе ў вечнае жыццё. Ні Пілат, ні любая іншая сіла не могуць зрабіць нічога супраць яе. Яго Валадарства ў сэрцах людзей», – патлумачыў арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, сёння «мы бачым новы ліберальны пераслед хрысціянства»: «дэмакратычным спосабам, праз прыняцце нязгодных з Божым правам законаў, робяцца спробы абмежаваць дзейнасць Езуса ў жыцці паасобнага чалавека і грамадства або нават Яго выгнаць».

«Мы, вучні Хрыста, павінны памятаць, што следаваць за нашым Каралём Езусам Хрыстом нялёгка і за гэта нярэдка трэба заплаціць жыццём, – дадаў іерарх. – Нялёгка следаваць за Хрыстом, калі Яго высмейваюць і заканадаўча дазваляюць дзейнічаць супраць Яго вучэння, як гэта ёсць у сучасным свеце. Нягледзячы на гэта, мы заўсёды павінны быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля, бо верыць у Яго азначае ажыццяўляць наша хрысціянства і жыць тым, у што верым».

Мітрапаліт падкрэсліў, што сакрамэнт канфірмацыі, удзелены ў гэты дзень у касцёле свв. Сымона і Алены, «ажыўляе і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы былі сведкамі Хрыста ў наш час».

«Трэба толькі не размінуцца з Ім і дазволіць Яму заняць месца ў нашых сэрцах, каб Ён іх змяняў на лепшае. Палітыкі могуць змяніць сацыяльна-палітычны лад, але сэрца змяніць можа толькі Хрыстус», – заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.