29 лістапада, у I Нядзелю Адвэнту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Мітрапаліт падкрэсліў у гаміліі, што Адвэнт – «час чакання і час надзеі, час аднаўлення нашага даверу ў Божую міласэрнасць і час новага прышэсця Хрыста ў наша жыццё». «У Адвэнт Касцёл заахвочвае нас да жыццёвай пілігрымкі веры насустрач прыходзячаму Збаўцу», – дадаў іерарх.
Арцыпастыр нагадаў, што Адвэнт з’яўляецца «часам падрыхтоўкі да прыняцця Сына Божага, які стаў чалавекам для нашага збаўлення», а таксама «часам падрыхтоўкі да Яго другога прыйсця ў славе».
Па словах арцыбіскупа, трэба таксама «памятаць аб фундаментальнай справе, што, хаця мы можам адмовіцца ад Хрыста, Ён ніколі не адмовіцца ад нас», «таму мы заўсёды павінны быць адкрыты на Яго дзеянне».
«Мы не можам быць спакойнымі, калі адчуваем толькі матэрыяльную забяспечанасць. Праблема ў тым, што тады мы можам быць не падрыхтаваны да спаткання з Езусам. Трагедыя будзе ў тым, што мы будзем заняты толькі зямнымі справамі, а не духоўнымі», – звярнуў увагу Мітрапаліт.
Пазбегнуць гэтага, як адзначыў іерарх, можна: «Калі мы забыліся пра Езуса і даўно з Ім не сустракаліся, пойдзем да Яго, дарога адчынена і Ён чакае. Калі мы не паяднаныя Богам і Касцёлам, то ў сакрамэнце пакаяння ўчынім гэта як мага хутчэй».
«Нам неабходна чуваць, каб не трапіць у пасткі граху. Неаходна маліцца, каб мець сувязь з Богам. Сярод штодзённай мітусні трэба знайсці час на малітву, на чытанне заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова, на ўдзел у нядзельнай святой Імшы, на рэкалекцыі і іншыя духоўныя практыкаванні ў Адвэнт», – дадаў арцыпастыр.
Мітрапаліт падкрэсліў, што ў Адвэнт хрысціяне павінны рыхтавацца да другога прыйсця Езуса, «хаця і не ведаем, калі яно адбудзецца»; «павінны дазволіць Хрысту нанова нарадзіцца ў нашых сэрцах, каб быць духоўна моцнымі». (AG)
|