Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі «Культура міру сярод рэлігій»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.11.2015 16:03

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Культура міру сярод рэлігій». Канферэнцыя адкрылася 30 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.

У канферэнцыі, арганізаванай Культурным прадстаўніцтвам пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, Домам сяброўства іранцаў у Рэспубліцы Беларусь, прынялі ўдзел прадстаўнікі канфесій і рэлігій, дзяржаўнай улады, пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі, навукоўцы, студэнты і аспіранты.

Прагучалі даклады, між іншым, на такія тэмы, як: «Роля міжрэлігійнага дыялогу як сродку сніжэння крызісных з’яваў ў сучасным свеце», «Міратворчая дзейнасць Ватыкана ў гады Першай сусветнай вайны», «Духоўна-маральнае выхаванне студэнтаў а ўмовах дыялогу рэлігій», «Антрапалагічныя кропкі перасячэння хрысціянства і ісламу», «Міжкультурны дыялог у працэсе ўзаемадзеяння цывілізацый Усходу і Захаду», «Роля выхавання ў распаўсюджванні культуры міру».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас адкрыцця канферэнцыі звярнуўся да яе ўдзельнікаў з прывітальным словам.



У сваім слове іерарх заўважыў, што «праблема захавання міру ў наш час з’яўляецца вельмі актуальнай», асабліва ў святле падзей ва Украіне і нядаўніх тэрарыстычных актаў у розных частках свету. Арцыпастыр адзначыў, што «ў свеце назіраецца эскалацыя ўзброеных канфліктаў», «шмат гаворыцца пра мір і так шмат робіцца на міжнароднай арэне для яго дасягнення, а міру няма».

Па словах арцыпастыра, «ва ўсіх існуючых канфліктах бачна варожасць», «у пошуках вінаватых гісторыкі перагортваюць архівы і перапісваюць гісторыю, а адказ ляжыць на паверхні: мы вінаваты самі, бо жывём так, быццам Бога няма».

Мітрапаліт падкрэсліў, што «ніводная рэлігія не заклікае да насілля і вайны», і Каталіцкі Касцёл таксама «прыкладае максімум намаганняў для захавання міру, як каштоўнага Божага дару».

Іерарх нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор, 50-годдзе якога будзе адзначацца 8 снежня, «адкрыў новую старонку ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў справе захавання міру». Арцыбіскуп дадаў, што місія міру з’яўляецца місіяй і сённяшняга Папы Францішка, які завяршае пачаты 25 лістапада візіт у Афрыку і наведаў краіны, дзе працягваюцца ўзброеныя канфлікты.

«Каталіцкі Касцёл прытрымліваецца меркавання святога Аўгустына, які кажа, што мір – гэта не толькі адсутнасць ваенных дзеянняў, але гармонія і ўпарадкаванасць усяго чалавечага і боскага», - звярнуў увагу Мітрапаліт.

Арцыпастыр адзначыў, што Беларусь «сыграла і працягвае адыгрываць вельмі вялікую ролю ў вырашэнні ўкраінскага крызісу», і выказаў надзею, што гэтая канферэнцыя «паспрыяе развіццю дыялогу і супрацоўніцтва паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі ў такой неабходнай справе ўмацавання міру».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.