«У духоўнай цемры свайго часу адкрыў людзям святло веры»: 100-годдзе смерці кс. Яўстахія Карповіча адзначылі ў Ракаве (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.12.2015 16:41 |
6 снежня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве адзначылі 100-годдзе смерці ксяндза Яўстахія Карповіча, які служыў у гэтай парафіі з 1883 па 1915 год. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ксёндз Яўстахій Карповіч перажыў цяжкія часы пераследу Каталіцкага Касцёла з боку расійскіх уладаў, калі не хапала святароў для працы з вернікамі. Святар ахвярна выконваў свае пастырскія абавязкі, людзі ставіліся да яго з вялікай павагай і, нягледзячы на пераслед, засталіся вернымі Хрысту ў Каталіцкім Касцёле. Ксёндз Яўстахій Карповіч адзначаўся глыбокай верай, а таксама любоўю да сваёй Айчыны і народа. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы, кажучы пра тое, што ў гэты дзень у каталіцкіх святынях запальваецца другая адвэнтавая свечка, адзначыў: «Гэта сімвал таго, аб чым нагадваюць нам сённяшнія чытанні, — а менавіта што мы становімся ўсё бліжэй да свята святла, якім з’яўляецца Божае Нараджэнне». Разважаючы над другім чытаннем з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў, напісанага апосталам у вязніцы, арцыбіскуп заўважыў, што гэтае пасланне «вучыць, што нават у найбольш складаных і цяжкіх жыццёвых сітуацыях можна і трэба жыць надзеяй», «неабходна чуваць і шукаць дабра». Глыбока сімвалічным Мітрапаліт назваў тое, што кс. Яўстахій памёр у Адвэнт, калі «рыхтаваў людзей да святаў Божага Нараджэння і да спаткання з Хрыстом у вечнасці». Як падкрэсліў Мітрапаліт, «ксёндз Яўстахій выхаваў тут людзей, якія не адмовіліся ад сваёй веры». «Вера, гісторыя і мова – якасці нязменныя і каштоўныя ва ўсе часы. У нашым мястэчку ўмеюць цаніць іх. Найбольшы знак дзейнасці кс. Яўстахія Карповіча – у душах людзей», – пагадзіўся пробашч парафіі ў Ракаве кс. Дзмітрый Барыла. У самыя цяжкія моманты пробашч звяртаўся з малітвай па дапамогу да сваіх слынных папярэднікаў – кс. Яўстахія Карповіча і кс. Яна Такарскага. (AG), Таццяна Сівец |
Фотарэпартаж |