Аплаткавая сустрэча для святароў і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці прайшла ў архікатэдры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
22.12.2015 18:39 |
22 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці перад Божым Нараджэннем, напрыканцы якой усе прысутныя падзяліліся аплаткай. У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У межах сустрэчы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Перад Імшой прысутныя паслухалі канферэнцыю на тэму Божай Міласэрнасці, якую прамовіў ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч. У ёй святар прыгадаў асобу Жана Ванье, які з'яўляецца заснавальнікам супольнасці, што дапамагае асобам з абмежаванымі псіхічнымі магчымасцямі. Ксёндз прэлат нагадаў пра адзін з пунктаў, якіх Жан Ванье просіць прытрымлівацца ўдзельнікаў яго руху. Ён заключаецца ў тым, каб кожны член супольнасці задаваў сабе пытанне не аб тым, што супольнасць робіць для яго, а што ён дае і можа зрабіць для супольнасці. Ксёндз прэлат заклікаў і прысутных кіравацца гэтым прынцыпам Жана Ванье, які дагэтуль у 88-гадовым узросце працягвае сваю дзейнасць у супольнасці.
Працягваючы канферэнцыю, ксёндз прэлат нагадаў пра значэнне святаў, якія набліжаюцца: «Святы існуюць для таго, каб увайсці ў свет іншага чалавека, каб зразумець яго каштоўнасць, дапамагчы». Таксама святар падкрэсліў важнасць прабачэння, якога так часта не хапае і ад недахопу якога часта знішчаецца сямейнае жыццё, любоў. «Існуюць справы, якія ўжо здарыліся, сталі гісторыяй. Час нельга злавіць, і нам застаецца толькі стаць насупраць адзін аднаго і сказаць: "Я прабачаю, ці прабач мне". І тады станеш пераможцам. Нават тое, што з'яўляецца ранай і болем, не павінна быць прайграна», — сказаў святар на завяршэнне канферэнцыі. Пасля канферэнцыі быў час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, для кагосьці споведзі, а таксама цішыні і сузірання, пасля чаго пачалася Эўхарыстыя.
У гаміліі, спасылаючыся на літургічныя чытанні гэтага дня, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што «Бог міласцівы да тых, хто праслаўляе Яго і застаецца верны Яму, а не зацыкліваецца толькі на сабе, на сваіх прыватных справах, па-за якімі не бачыць нікога і нічога, у тым ліку і Бога». Аб гэтым нагадвае прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі, дадаў іерарх.
Арцыпастыр звярнуў увагу, што гэта адносіцца як да свецкіх людзей, так і да святароў і кансэкраваных асобаў. Таму, адзначыў Мітрапаліт, надыходзячыя святы Божага Нараджэння з’яўляюцца «вялікім выклікам і нагодай разарваць з грэшным спосабам мыслення і пажадання і адначасова аднавіць нашу веру ў Бога, які прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека».
Мітрапаліт заахвоціў святароў перад святамі Божага Нараджэння спытацца ў саміх сябе: «Ці змяняе нас Божае Нараджэнне? Кім мы з'яўляемся? Суддзямі ці носьбітамі Божай міласэрнасці?» «Ці гатовы мы да спаткання з Хрыстом і ці дапамагаем іншым, каб яны Яго спаткалі?» – паставіў таксама пытанне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў пастырскую сустрэчу, заклікаючы святароў на час Божага Нараджэння «спавядаць, колькі будзе магчыма, каб як мага больш людзей прыняло сакрамэнт паяднання».
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай, віншуючы адзін аднаго з надыходзячымі святамі. Наступная пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца 18 лютага ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка).
(AYU),(AG) |
Фотарэпартаж |