Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вігілія Божага Нараджэння ў мінскай архікатэдры: «Беларусь, прымі Хрыста і даверся Яму!» (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.12.2015 00:15

24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. У Імшы ўдзельнічалі шматлікія святары, парафіяне архікатэдры, госці і вернікі з усяго горада.

Таксама ў літургіі прымаў удзел Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Каналамі «Беларусь – 1» і «Беларусь – 24» вялася прамая трансляцыя Імшы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі, Мітрапаліт адзначыў, што «Хрыстус і сёння нараджаецца ў Касцёле і прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, прыходзіць у іншай дзейнасці Касцёла, асабліва праз учынкі міласэрнасці». «Ці пазнаём мы Яго? Ці не баімся адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў і дазволіць быць з намі? Ці радуемся Яго прыйсцю?» — паставіў пытанні арцыпастыр.

Іерарх адзначыў, што Божае Нараджэнне «стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові да бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай», і «падобная духоўная рэвалюцыя павінна адбыцца і ў кожным з нас, каб мы моцна трымаліся сваёй веры і не дазволілі спіхнуць яе на ўзбочыну жыцця».

«Сучасны ліберальны свет вельмі часта не жадае мець з Хрыстом нічога супольнага і не хоча чуць Яго голасу, які заклікае да абуджэння сумлення, навяртання і жыцця паводле Яго вучэння, — дадаў арцыбіскуп. — У такой сітуацыі мы, хрысціяне, павінны даць рашучы адказ, кім Ён ёсць для нас. Толькі гістарычнай фігурай ці Тым, які жыве ў сваім Касцёле і вучэнне якога актуальнае і ў наш час?»

Да кожнага з прысутных Мітрапаліт скіраваў такі заклік: «Можа, сеткі твайго жыцця пустыя, можа, дагэтуль нічога не ўдалося злавіць, можа, твае жыццёвыя планы і мары не рэалізаваліся. Але ты не адзін, і Езус сёння цябе заклікае: “Не бойся, не паддавайся, адплыві яшчэ раз на глыбіню твайго жыцця, тваіх мараў, імкненняў, болю, цярпенняў, адзіноты і яшчэ раз закінь сеткі, бо Я з табой”».


Па словах арцыпатыра, «найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян». «У выніку гэтага мы самі сабе ствараем сітуацыю глыбокага маральнага крызісу і ў пэўным сэнсе нагадваем “Тытанік”, на якім, нягледзячы на набліжэнне катастрофы, аркестр граў да апошняй хвіліны, а пасажыры пілі шампанскае», — заўважыў Мітрапаліт.

«У той жа час народжаны ў Бэтлееме Езус праз паслугу Касцёла прыходзіць да нас», — нагадаў іерарх.

Арцыбіскуп павіншаваў з «радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста» ўсіх католікаў, хрысціян іншых веравызнанняў, якія адзначаюць яго ў гэты дзень, братоў і сясцёр праваслаўных, якія ў хуткім часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне, і ўсіх людзей добрай волі.

«Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!» — заклікаў Мітрапаліт.

Напрыканцы Эўхарыстыі віншаванні з Божым Нараджэннем ад імя Беларускай Праваслаўнай Царквы выказаў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх таксама на рускай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, венгерскай, нямецкай, італьянскай, французскай, іспанскай і англійскай мовах.

Мітрапаліт выказаў падзяку святарам, якія ў Адвэнт рыхтавалі людзей да святаў, бацькам, якія прыводзілі дзяцей на раратнія Імшы, каб разам з імі і Паннай Марыяй перажываць час радаснага чакання, усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы святочнай літургіі, дзяржаўным уладам за дасланыя віншаванні, касцёльным і дзяржаўным службам парадку і ўсім вернікам — прысутным і тым, якія ядналіся з удзельнікамі Імшы дзякуючы тэлетрансляцыі.

Пасля заключнага благаслаўлення адбылося асвячэнне аплатак. Удзельнікі Эўхарыстыі падзяліліся імі ў знак еднасці і склалі адзін аднаму віншаванні.

(AG)

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.