Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB на Імшы пастэрцы ў магілёўскай катэдры: «Бог блізкі кожнаму з нас» (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.12.2015 16:58

У вігілію Нараджэння Пана біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі вернікі катэдральнай парафіі і горада Магілёва. Суправаджалі біскупа каля алтара кс. Віталій Драздоўскі — дэкан Магілёўскага дэканату і пробашч катэдральнай парафіі, а таксама кс. Павел Беразун — вікарый.

За паўгадзіны да святой Імшы моладзь прадставіла невялікую сцэнку пра сапраўдны сэнс Божага Нараджэння. Пасля абвяшчэння Нараджэння Пана фігурка Дзіцяткі Езуса пад суправаджэнне плачу немаўляці была ўрачыста пакладзена ў падрыхтаваныя яслі ў бочным алтары.



На пачатку гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў: «Гэты сапраўды прашываючы сэрца плач нованароджанага дзіцяці, які суправаджаў нас да стаенкі, падрыхтаванай для Божага Сына ў нашай катэдральнай святыні, вельмі яскрава адлюстроўвае праўду, што Бог нарадзіўся слабым і бяссільным, каб мы не баяліся Яго. Ён нарадзіўся з любові, каб мы не сумняваліся ў Яго любові. Ён нарадзіўся ноччу, каб мы паверылі, што Ён можа асвятліць кожную рэчаіснасць, пакрытую цемрай. Ён нарадзіўся ў прастаце, каб мы не былі ўнутрана заблытанымі. Ён нарадзіўся для нас, у нашым людскім жыцці, каб усіх людзей завесці ў дом Айца».



Распавядаючы пра вобраз Бога ў Святым Пісанні, іерарх адзначыў, што «ў Старым Запавеце Бог найчасцей прадстаўляеца нам як вельмі далёкі, суровы і караючы». «Новы Запавет, дзякуючы прыйсцю Езуса Хрыста, паказвае нам хоць і справядлівага Бога, але адначасова і міласэрнага, які любіць кожнага чалавека без выключэння. Можна сказать, што наш Бог – гэта Бог з чалавечым тварам і сэрцам, Бог, які стаў блізкі кожнаму з нас», — дадаў біскуп.

Віншуючы ўсіх прысутных з Божым Нараджэннем, біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць «ажывiла ў нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглi жыць у яго бляску i цеплыні, маглi асвятляць i саграваць iм iншых». «Хай Божая дабрыня, якая з’явілася ў Езусе Хрысце, умацуе веру, падтрымае надзею і распаліць полымя любові, а таксама дасць суцяшэнне тым, хто яго патрабуе. Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю і на надыходзячы Новы 2016 год. Няхай ён стане паўнатой часу, калі Езус нараджаецца ў нас сваёю ласкай, а таксама стане часам нашай плённай дзейнасці на хвалу Богу і для нашага збаўлення», — сказаў іерарх.



Пасля святой Імшы біскуп разам з іншымі святарамі падзяліўся аплаткай з усімі сабранымі ў катэдры вернікамі. Было прыгожа назіраць, як катэдральная парафія стала адной вялікай сям’ёй, якая, раздяліўшы радасць літургічнага спаткання з Нованароджаным, працягнула гэтую радасць, складаючы сардэчныя віншаванні адзін аднаму падчас дзялення аплаткай.



(AG)

Фота Таццяны Анкудзінавай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.