Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Духоўныя асобы Магілёўскага рэгіёну падзяліліся аплаткай
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.12.2015 22:46

30 снежня ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, падчас якой удзельнікі падзяліліся аплаткай з нагоды святаў Божага Нараджэння.

Сустрэчу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Удзел у ёй прынялі таксама дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь сталі момантамі падрыхтоўкі да святой Імшы. Гэтай часткай сустрэчы кіраваў духоўны айцец Магілёўскага рэгіёну кс. Андрэй Далянскі.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што, святкуючы Божае Нараджэнне, важна памятаць, што «цуд Бэтлеемскай ночы — гэта не толькі гістарычная падзея, але таксама і сучаснасць». «Дзякуючы святарскай паслузе Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых душах, прыходзіць да нас у Божым слове, сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі, і іншай дзейнасці Касцёла», — дадаў іерарх.

Мітрапаліт адзначыў таксама, што Езус прысутнічае ў гістарычнай магілёўскай святыні «дзякуючы святарам, якія ў часы ганенняў патаемна прыязджалі сюды, каб цэлебраваць Эўхарыстыю і служыць людзям, якія былі без пастыра, і такім чынам захаваць у іх веру», «прысутнічае дзякуючы вядомым і невядомым мучанікам гэтай зямлі».

Арцыбіскуп прапанаваў падумаць над пытаннем: «Калі б сучасны чалавек апынуўся на месцы нараджэння Езуса, то як ён успрымаў бы ўсё тое, што там сталася? Ці ён мог бы ў гомане сучаснага свету пачуць голас анёла, які абвяшчае Нараджэнне Збаўцы?»

«Нашым, святароў, заданнем з’яўляецца дапамагчы яму пачуць голас анёла, які і сёння абвяшчае Нараджэнне Збаўцы, а таксама дапамагчы ўбачыць Яго. Нам неабходна абудзіць спячага чалавека і сказаць яму: “Уставай, паглядзі, пасля доўгіх пакаленняў пераследу над нашай зямлёй ізноў засвяціла Бэтлеемская зорка”», — падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы Імшы біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў Мітрапаліту, біскупу Юрыю Касабуцкаму і ўсім прысутным святарам, кансэкраваным асобам і вернікам. Звяртаючыся да Мітрапаліта, біскуп сказаў: «Кожная сустрэча з Вамі — гэта радасць і магчымасць умацавацца ў веры, заўважыць той накірунак, які Вы, як пастыр, накрэсліваеце ўсім нам. Дзякую Вам за тое, што нястомна нагадваеце аб гісторыі Касцёла на Магілёўшчыне і заахвочваеце не змарнаваць дасягненні папярэднікаў, а ахвярным і цярплівым служэннем ісці наперад. Будзем імкнуцца стаць такімі, як Сімяон і прарочыца Ганна, якія славяць Пана і кажуць пра Яго ўсім у Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці». «Жадаю Вашым Эксцэленцыям, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам быць тымі духоўнымі святынямі, якія будуць іншых прыводзіць да Бога», — дадаў біскуп.

Потым удзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай і выказалі адзін аднаму віншаванні. Затым адбылася сама пастырская сустрэча.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.