«Падзякаваць Богу за Яго шчодрыя дары і ласкі, якія мы атрымалі ў годзе, які завяршаецца», «вырашыць, што мы павінны пакінуць, і без чаго, як хрысціяне, не можам жыць», заклікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзельнікаў святой Імшы на завяршэнне 2015 года. 31 снежня вернікі Мінска сабраліся ў архікатэдральным касцёле, каб сустрэць Новы год.
Як заўважыў арцыпастыр у гаміліі, апошні вечар года, які падыходзіць да завяршэння, — добрая нагода прааналізаваць сваё жыццёвае падарожжа ў гэты прамежак часу праз прызму вучэння Хрыста, каб «устанавіць, у якім пункце адносін з Ім мы знаходзімся, ці адпавядае наша жыццё Божай волі».
«Звычайна перад Новым годам мы робім генеральную ўборку нашых хатніх памяшканняў і месцаў працы. Пры гэтым мы бачым, што разам з патрэбнымі нам у будучыні рэчамі знаходзяцца і такія, якімі мы не будзем карыстацца, і мы вырашаем ад іх пазбавіцца. Мы таксама натыкаемся на рэчы, якія ажыўляюць нанова нашу памяць аб мінулых падзеях, аб якіх мы забыліся.
Падобнае адбываецца і ў нашых адносінах з Богам. Адны справы мы павінны захаваць, іншых пазбыцца, а аб некаторых абнавіць памяць. Гэта не што іншае, як заданні, якія стаяць перад намі. Бог мае свой план адносна кожнага з нас і жадае, каб мы ўпісваліся ў яго», — сказаў іерарх.
«Дзякуючы смерці і ўваскрасенню Хрыста мы памерлі для граху і ўваскрэслі да новага жыцця. Таму нам нельга забыцца гэтага дару і ўстаноўленага Богам маральнага парадку», — нагадаў Мітрапаліт вернікам.
«Мы павінны паступаць так, каб злому духу не было месца ў нашай душы. Калі мы напоўнім сябе Божымі справамі, то грэх не запануе ў нашым сэрцы», — параіў арцыпастыр.
Мітрапаліт падкрэсліў, што жыццё хрысціян «павінна быць напоўнена імкненнем да вечнасці, бо зямное жыццё часовае», і «аб гэтым нам неабходна памятаць, каб захаваць веру, бо толькі тады нас чакае карона святога ці святой».
«Не адмаўляцца ад Божага закону і ніколі нічым яго не падмяняць», «адмовіцца ад грахоўнай залежнасці», «памятаць аб тым, што, злучаныя з Хрыстом у сакрамэнце хросту, мы з’яўляемся спадкаемцамі вечнага шчасця» — на гэтыя рэчы арцыбіскуп звярнуў увагу вернікаў.
Нагадваючы, што 1 студзеня, у першы дзень новага года, Касцёл адзначае ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, Мітрапаліт заахвоціў сабраных «браць з Яе прыклад, каб кожны дзень гэтага новага перыяду нашага жыцця быў напоўнены згодай з Божай воляй».
«Усё, што нам патрэбна, — гэта слухаць голас Бога і чыніць тое, што Ён хоча», — падвёў выснову іерарх і пажадаў, каб з дапамогай Панны Марыі новы год стаў «годам паўнаты Божай ласкі і добрых учынкаў», да чаго заклікае таксама Папа Францішак у Год Міласэрнасці. (AG)
|