3 студзеня, у II нядзелю пасля Нараджэння Пана і ў свой 70-ы дзень нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Імшы прымалі ўдзел таксама дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Арцыпастыр звярнуў у гаміліі ўвагу, што «Бог прамаўляе да нас мовай любові», «з любові стварыў свет», а чалавек з’яўляецца асабліва «ўзлюбленай» часткай Божага тварэння. Калі прыйшла паўната часу, Бог паслаў свайго Сына, каб збавіць чалавека, і з любові да чалавека Езус аддаў жыццё на крыжы, нагадаў іерарх.
Мітрапаліт дадаў, што сучасны свет «недаацэньвае і не хоча прымаць» каштоўнасці Хрыста, «аднак хто іх прымае, атрымлівае ўсё тут, на зямлі, і ў вечнасці».
З нагоды свайго юбілею арцыпастыр сказаў: «Божы Провід дазваляе мне сёння дзякаваць Богу за 70 гадоў жыцця. Сёння дзякую бацькам за перададзены мне Божы дар жыцця і каталіцкае выхаванне. Дзякую сястры, з якой разам рос і вучыўся жыць у праўдзе і любові да бліжняга і якая загінула пасля няшчаснага выпадку. Дзякую святарам, блізкім і ўсім людзям, якія вельмі пазітыўна ўплывалі на маю фармацыю. Перапрашаю ўсіх, каго, можа, пакрыўдзіў, і прабачаю тым, хто, асабліва ў часы пераследу Касцёла, чыніў зло. Можа, яны не да канца ведалі, што чыняць».
Мітрапаліт падзякаваў таксама біскупам, святарам і кансэкраваным асобам, з якімі служыў у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў у Беларусі, і вернікам.
«Можа, не ўсё ўдалося, але я заўсёды з верай і праўдай стараўся служыць людзям і разам з вамі адраджаць і будаваць Касцёл», - прызнаўся іерарх і папрасіў маліцца за яго, каб мог паспяхова выконваць даручанае яму Божым Провідам заданне, «каб мы ўсе прамаўлялі адзін да аднаго мовай любові».
(AG)
|