«Тут у нас была найлепшая публіка»: канцэрт сям'і Паспяшальскіх прайшоў у Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
16.01.2016 16:02 |
15 студзеня музычная сям’я Паспяшальскіх выступіла з калядным канцэртам у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Сталічны канцэрт гурта сабраў сапраўдны аншлаг. Катэдра ў гэты вечар была цалкам перапоўнена. Гледачы самых розных узростаў, але пераважна моладзь, і з розных куткоў Беларусі, слухалі калядкі ў разнастайных музычных стылях. Канцэрт наведаў і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яна Паспяшальскага і яго сям’ю ў Беларусі ведаюць добра, асабліва моладзь, таму што кожны год ён праводзіць «Музычную майстэрню» ў Івянцы. 13 студзеня гурт даў канцэрт у Гродне, а праз два дні завітаў у сталіцу. «Усім гэтым калядкам, якія мы вам зараз заспяваем, мы ў большасці навучыліся ад нашых бацькоў. Яны перадалі нам веру ў Езуса Хрыста, нашу мову, звычаі, традыцыі. Гэтая традыцыя была б пустой, калі б не было ў ёй веры. Спадзяемся, што і ў вас, і ў нас ёсць гэтая вялікая вера, што Дзіця, якое нарадзілася ў Бэтлееме, прыходзіць для таго, каб зрабіць нас Божымі дзецьмі», – прывітаў гледачоў лідар гурта Ян Паспяшальскі і першымі гітарнымі акордамі распачаў канцэрт. Трыо саксафонаў і гітарныя партыі стваралі джазавую атмасферу, а спалучэнне клавішных і жаночага вакалу надавала мяккасць і лірызм калядным кампазіцыям. Неверагодныя эмоцыі артыстаў на сцэне, зладжаная ігра музыкаў, прафесіяналізм і тэатральнасць, мужчынскі і жаночы вакал сапраўды ўражвалі. Адчувалася еднасць выступоўцаў, якой і павінна валодаць сапраўдная сям’я. Жывасць, аптымізм і энергія музыкаў Паспяшальскіх перадаваліся гледачам, якія падпявалі і танчылі пад самыя вясёлыя кампазіцыі. У праграме канцэрту былі і павольныя, пранізлівыя калядкі, сярод якіх «Не было месца для Цябе», напісаная ў 1938 годзе. Гэтую калядку, як сказаў Ян Паспяшальскі, трэба ўспамінаць і спяваць па ўсім свеце. Яна суправаджала палякаў на палях Другой сусветнай вайны і нават у канцэнтрацыйных лагерах. Зараз яна нагадвае аб дары жыцця, якому людзі супраціўляюцца праз аборты і эўтаназію. Лірычныя, павольныя кампазіцыі чаргаваліся са жвавымі джазавымі, рок- і фольк-матывамі. Гледачы акуналіся ў музычную атмасферу розных народаў праз аранжыроўкі калядных спеваў, вядомых многім. «Святкаванне Божага Нараджэння было ўзбагачана гэтым канцэртам. Мы ведаем, што ў антычныя часы палярная зорка была такім арыенцірам для мараходкі. Але дзве тысячы гадоў таму на небасхіле з’явілася новая зорка – Бэтлеемская, якая вядзе ўсіх людзей па ўзбураным моры выклікаў кожнай эпохі. І да гэтай зоркі вядзе нас Касцёл, Евангелле, вядуць таксама і калядкі. І сёння мы дзякуем спадару Паспяшальскаму, што яшчэ раз дапамог нам перажыць гэтую таямніцу Богаўцелаўлення», — сказаў напрыканцы канцэрту Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля канцэрту Ян Паспяшальскі распавёў Catholic.by, што ўпершыню запісаць выкананне калядак на дыскі яго і братоў натхніла маці: «Калі мы запісалі, то нас пачалі запрашаць на канцэрты, на радыё і тэлебачанне. Так усё пачалося. Граем ужо 20 гадоў. За гэты час нараджаліся нашы дзеці. І зараз іх столькі, што маем цэлы аркестр. А пачыналі мы ўчатырох: Марцін, Матэуш, Кароль, я, а дапамагалі нам нашыя жонкі. Зараз расце новае пакаленне. Эстафета паступова перадаецца. Мы ўжо можам паступова адыходзіць – няхай граюць далей». Як прызнаўся Ян, іх сям’я жыве наступным дэвізам: «Бог, гонар, Радзіма, сям’я!» Акрамя служэння Богу праз музыку, для Паспяшальскіх вельмі важная сям’я, а таксама абарона і шанаванне чалавечага жыцця. «Беларуская моладзь, — лічыць Ян, — вельмі музыкальная, натхнёная і вясёлая». Гэта артыст заўважыў яшчэ падчас «Музычнай майстэрні». У гэты вечар лідар гурта быў вельмі ўзрадаваны тым, што ўбачыў шмат сваіх знаёмых і сяброў з «Майстэрні» і Івянца. У сваю чаргу Бася Паспяшальская прызналася, што ўдзел у гурце для яе – цудоўнае правядзенне часу з сям’ёй: «Я ўсё жыццё выхоўваюся ў гэтай сям’і, і гэтае калядаванне – нешта натуральнае. Колькі сябе памятаю, гэта заўсёды было ў маім жыцці. 24 гадзіны мы прабываем побач адзін з адным: размаўляем, смяемся. Гэта сапраўды цудоўна! Мы разам выступаем і даем сведчанне нашай веры. Гэта найлепшы час у годзе»! Бася Паспяшальская адзначыла, што яе вельмі ўразіла мінская публіка. Такога прыёму гурт сапраўды не чакаў. «За апошні час мы далі 17 канцэртаў, і тое, які прыём сустрэлі ў вас, сапраўды ўражвае. Тут у нас была найлепшая публіка. Радасна, што энергія, якую мы аддаем, не знікае дзесьці, а перадаецца. Гэта проста неверагодна», — падзялілася вакалістка. Клавішнік Лукаш Паспяшальскі таксама ўзрушаны рэакцыяй публікі: «Вельмі прыемна адчуваць, што людзі, якія прыходзяць на наш канцэрт, сапраўды яднаюцца з намі». Гэтая еднасць гледачоў і музыкаў падчас канцэрту адчувалася. Публіка падпявала выступоўцам, гучна апладзіравала, радасна ўсклікала і смяялася з іх жартаў. Напрыканцы канцэрту Ян Паспяшальскі ўспомніў словы кс. Яна Твардоўскага і пажадаў прысутным «заўсёды жывой веры, здароўя на святы і цярплівасці да блізкіх». Марына Валасар, фота аўтара |
Фотарэпартаж |