24 студзеня, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў і пісьменнікаў, у мінскім архікатэдральным касцёле адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў сродкаў масавай камунікацыі. Таксама падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.
Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Медыя павінны стаць новай амбонай для сучаснага чалавека» У гаміліі падчас Эўхарыстыі Мітрапаліт з жалем канстатаваў, што ў сённяшнім свеце «чалавецтва не прымае да канца візіі Хрыста і не жадае жыць паводле Яго закону», «свабода выбару вядзе да таго, што чалавек лічыць, што ён мае права чыніць усё, што хоча, а рэлігія і маральныя нормы павінны ўспрымацца толькі як прыватная справа чалавека».
Іерарх дадаў: «Калі сродкі масавай камунікацыі з жахам распавядаюць пра жудасныя трагедыі, то ці яны шукаюць іх прычыны ў амаральным жыцці? Ніколі. Вінаваты той ці іншы чалавек, ці цэлая сістэма, але ніколі не ўспамінаецца пра адсутнасць маральных норм у жыцці паасобнага чалавека ці цэлых грамадстваў».
Арцыпастыр падкрэсліў, што насуперак гэтаму «Святое Пісанне і вучэнне Касцёла вучаць нас праўдзе, якая не змяняецца і паводле якой мы павінны жыць». Для абвяшчэння ж гэтага вучэння, адзначыў Мітрапаліт, «не дастаткова абвяшчаць Божае слова толькі з амбоны»: «медыя павінны стаць новай амбонай для сучаснага чалавека, асабліва для моладзі, якая выхавана на іх і без іх не ўяўляе сабе свайго жыцця».
«Наша жыццё прасякнута медыя. Але што яны нам прадстаўляюць? Як нас фармуюць? Ці не маніпулююць яны намі? Ці часта там гучыць слова Бог і маральны закон? На жаль, не. Таму з кожным днём узрастае роля каталіцкіх медыя, якія павінны стаяць у авангардзе абвяшчэння Божага слова і прапаганды здаровага маральнага стылю жыцця», — сказаў арцыбіскуп. «Каталіцкія СМІ маюць магчымасць дайсці туды, куды не дойдзе святар»
Таксама Мітрапаліт заўважыў, што ў гэты Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, калі «неабходна глыбей асэнсаваць праўду аб бязмежнай Божай міласэрнасці, самім яе спазнаць і быць яе носьбітамі ў эгаістычным і самадастаковым свеце», роля каталіцкіх медыя асабліва вялікая і «яны маюць магчымасць дайсці туды, куды не дойдзе святар».
«Сёння ад усяго сэрца дзякую нашым медыя, якія ўжо каля 25 гадоў нясуць Божую праўду людзям. Гэта найперш выдавецтва “Pro Christo”, а таксама папулярны і добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі каталіцкі сайт catholic.by. Менавіта на іх плячы ўскладзена заданне быць найбольшай каталіцкай амбонай нашай краіны. Іх заданнем таксама з’яўляецца прадстаўленне праўдзівай інфармацыі аб жыцці Касцёла ў нашай краіне і ў свеце», — сказаў арцыпастыр.
З нагоды атрымання групай вернікаў сакрамэнту канфірмацыі іерарх нагадаў, што ў гэтым сакрамэнце «Святы Дух умацоўвае нас сваімі сямю дарамі, каб мы былі духоўна моцнымі і разважлівымі, маглі супрацьстаяць выклікам часу і з моцай сведчыць хрысціянскую веру». Поўны тэкст гаміліі>>>
«Адкрыйцеся на дзеянне Духа Святога і прыміце Яго, каб пад Яго дзеяннем самім змяніцца і змяняць свет на лепшы. Вы павінны стаць носьбітамі і сведкамі Евангелля ў наш час, калі людзі адракаюцца ад яго», — заахвоціў Мітрапаліт прымаючых сакрамэнт.
Напрыканцы арцыбіскуп заклікаў усіх удзельнікаў святой Імшы даверыць Богу каталіцкія медыя, а таксама свецкія, якія могуць шмат у чым дапамагчы ў распаўсюджванні хрысціянскіх каштоўнасцяў і ідэі Божай міласэрнасці, каб яны адказвалі на ўзнікаючыя пытанні і выклікі часу, а Касцёл праз іх выйшаў на перыферыі жыцця грамадства і абвяшчаў бязмежную Божую міласэрнасць. (AG)
|