Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Музей памяці святара-перакладчыка Уладзіслава Чарняўскага адкрылі і асвяцілі ў Вішневе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2016 16:58

Адкрыццё і асвячэнне музея асабістых рэчаў і рукапісаў святара-адраджэнца Уладзіслава Чарняўскага ў вёсцы Вішнева, дзе шмат гадоў аддана працаваў айцец марыянін, адбылося 23 студзеня і стала падзеяй не толькі парафіяльнай, але і значнай для ўсёй Беларусі.

Асвяціў музей Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, таксама былі прысутныя прадстаўнікі супольнасці марыянаў: Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а. Аляксандр Шамрыцкі MIC. На ўрачыстую падзею сабралася не толькі парафіяльная супольнасць, але і госці з іншых мясцовасцяў, большасць з якіх прыехала з Мінска разам з пробашчам парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіславам Завальнюком, які аказаў важкую дапамогу ў адкрыцці музея.

Зараз ці не ў кожнай каталіцкай сям’і, якая шануе культуру і мову свайго народа, можна знайсці Біблію на беларускай мове. Пад чорнай вокладкай гэтай кнігі, выдадзенай у 2001 годзе, а, можа, калі гэта Новы Запавет, то пад вокладкай з ручніком, арнаментаваным нацыянальным узорам, будзе прозвішча – Чарняўскі.

Гэты святар рупліва, з адданасцю, працягваючы справу Францішка Скарыны, здзейсніў для беларусаў вялікую справу – даў Божае слова на роднай мове, на якой размаўляў народ і якую а. Чарняўскі запісваў у сваіх сшытках. Гэтыя сшыткі сёння можна ўбачыць у музеі і залічыць да самых каштоўных экспанатаў музея, які пад сваю апеку ўзяла мясцовая парафіянка Тэрэса Бітэль, што разам з братам вырасла пад апекаю гэтага святара.

Брат Віталій у іх сям’і з шасці гадоў быў міністрантам, а яна час ад часу дапамагала разам з бацькамі ў парафіяльных справах. Зараз у яе жыцці музей памяці кс. Уладзіслава Чарняўскага стаў яшчэ адной вялікай справай, за якую яна нясе адказнасць і, напэўна, адначасова гонар – бо ці не гонар быць захавальніцай Захавальніка беларушчыны ў Касцёле?

Тэрэса Бітэль, дырэктар музея

У музей, памяшканне для якога было вылучана ў Вішнеўскім доме культуры, побач з Вішнеўскай бібліятэкай, былі перанесены рэчы з таго доміка, у якім доўгія гады пражыў святар-перакладчык. Тая хатка, якая служыла жыллём і творчым кутком для святара, зараз у непрыдатным стане, каб зрабіць музей у ёй, таму, каб уратаваць рэчы і рукапісы, што склалі спадчыну для нашчадкаў сціплага святара, былі перанесены ў іншае месца.

Як адзначыла Тэрэса Бітэль, гэты музей з’яўляецца ініцыятывай людзей, якія “хто чым мог” садзейнічалі адкрыццю: хтосьці дапамог прывезці і пакласці лінолеум, хтосьці зрабіў паліцу для каштоўнай бібліятэкі айца Уладзіслава, хтосьці стэнды, хтосьці аркі, хтосьці бяліў сцены. Гэты музей – музей памяці святара і працы людзей, якія захацелі і адгукнуліся, альбо тых, якія не змаглі быць абыякавымі.

На паліцах стаяць шматлікія слоўнікі і кнігі, якія дарылі а. Уладзіславу госці і сябры: і пісьменнікі, і мастакі. На кнігах – аўтографы, сярод кніг – вершы-прысвячэнні.

Айцу Уладзіславу многія пісалі лісты, дасылалі віншавальныя паштоўкі, якія акуратнымі стосікамі займаюць паліцу ў шафе, дзе захоўваюцца і яго сшыткі з перакладамі.

Але адзін ліст, на які мімаволі звяртаеш увагу, уражвае яшчэ больш. “Першае, што гэты ліст ананімны”, - кажа Тэрэса Бітэль, перагортваючы жаўтаватую паперку са сшытка ў клетачку, якая спісана акурантным, крыху дрыжачым почыркам на польскай мове. Гэты ліст выказвае просьбу, каб айцец Уладзіслаў не перакладаў на беларускую мову малітваў, літаній, якіх не ў стане, “бо не малыя дзеці” вывучыць старэйшыя прадстаўнікі парафіі.

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі не паслухаўся сваіх парафіян і перакладаў. На этажэрцы, побач з фотаздымкам благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча, заснавальніка супольнасці марыянаў, і выяваю каралевіча Уладзіслава маленькі нататнічак – самапісны малітоўнік на беларускай мове, дзе ёсць радкі самых асноўных малітваў, але замест звыклага “Ойча наш” – “Бацюхна наш”, а замест “Вітай, Марыя...”  - “Прывіт, Марыя...” і шмат іншага, да чаго хочацца дакрануцца і перагарнуць, перагарнуць з кожнай старонкай нататніка старонку з жыцця святара.

Святар-аскет, святар-кніжнік, святар-перакладчык, святар-выхаваўца, які строга ставіўся да тых, хто не строга ставіўся да свайго жыцця, святар-Чалавек, да якога ішлі людзі...

Святар-кніжнік быў руплівым бібліятэкарам, які меў і картатэку

Нават тады, калі быў ужо хворы і пэўны час жыў на плябаніі касцёла свв. Сымона і Алены. Як прыгадаў кс. Уладзіслаў Завальнюк, плябанія стала другой сакрыстыяй гэтай парафіі, куды проста не зачыняліся дзверы ад “адведвальнікаў”.

Да айца марыяніна ішлі людзі, хтосьці не паспеў дайсці да яго хаткі, але зараз можа паспець наведаць музей, дзе Тэрэса Бітэль дапаможа наблізіць тое, чым і як жыў гэты чалавек.

Свае думкі і словы кожны наведвальнік зможа пакінуць у адмысловай кнізе водгукаў, якую спецыяльна падрыхтавалі да адкрыцця і асвячэння музея. Першы надпіс у гэтай кнізе зрабіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і іншыя прысутныя святары. Чыстыя аркушы чакаюць водгукаў новых наведвальнікаў.

Музей, як і парафія ў Вішневе, запрашае.

Многія ведаюць пра вішнеўскую крынічную ваду і крыніцу, куды прыязджаюць за добрай вадою. Можна сказаць, што са з’яўленнем музея памяці а. Уладзіслава Чарняўскага забіла яшчэ адна крыніца – крыніца памяці.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.