Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ва ўспамін св. Агаты: Маліцца праз заступніцтва святой аб поспеху сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.02.2016 20:26

5 лютага, ва ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў прысутным вернікам біяграфію святой, якая жыла ў першай палове III стагоддзя ў г. Катанія на Сіцыліі і, захоўваючы цноту дзявоцтва, аддала сваё маладое жыццё за веру ў Хрыста. Калі агонь падыходзіў да г. Катанія і пагражаў яму, то вернікі паклалі вэлюм на магіле святой і потым з ім выйшлі насустрач агню, акі адступіў, адзначыў Мітрапаліт. З таго часу, нагадаў іерарх, святая Агата ўшаноўваецца як выратавальніца ад пажараў і іншых бедаў.

Арцыбіскуп дадаў, што ў дзень памяці святой Агаты ў Каталіцкім Касцёле асвячаецца хлеб, соль і вада, якія вернікі захоўваюць у сваіх дамах, а таксама ў падарожжы, каб прадстаўніцтвам гэтай святой выпрасіць у Бога ласку захавання сваіх дамоў ад пажару і ласку шчаслівага падарожжа. «Хлеб Агаты вядомы ўсім у нашым асяроддзі», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што «мы баімся пажару, які можа знішчыць набытак і нават жыццё чалавека, што час ад часу адбываецца і ў наш час», «але ёсць яшчэ і пажар душы чалавека, выкліканы грахом, і яго неабходна лячыць». «Ратункам тут з’яўляецца толькі Божая міласэрнасць, да якой неабходна праз заступніцтва святой Агаты прыбягаць», — сказаў арцыпастыр.

Таксама арцыбіскуп паразважаў над чытаннем Евангелля на гэты дзень пра мучаніцкую смерць святога Яна Хрысціцеля, які дакараў Ірада за тое, што жыў з жонкай свайго брата. Гэтае Евангелле, па словах Мітрапаліта, «распавядае пра голас сумлення Ірада, які, даведаўшыся пра цуды, якія здзяйсняў Езус, казаў, што гэта ўваскрос Ян Хрысціцель». «Ірад быў самым багатым чалавека у Юдэі. Ён меў уладу. Аднак не мог супрацьстаяць святому Яну Хрысціцелю, голас якога ён чуў і якога любіў слухаць. Але ён заглушаў голас свайго сумлення ў гэтай справе і ў выніку забіў яго», — нагадаў Мітрапаліт.

«Хрыстус сказаў: Мяне пераследуюць, і вас будуць пераследаваць. Святы Ян Хрысціцель аддаў сваё жыццё за Божую праўду. Святая Агата — за Хрыста. Сёння, у XXI стагоддзі, тысячы і тысячы хрысціян становяцца ахвярамі ганенняў на іх. І гэта тая трагедыя, якая адбываецца на нашых вачах. Свет маўчыць і амаль што нічога не робіць. Ізноў мы сустракаемся з праўдай, што ратаванне тых, хто тоне — гэта справа рук іх саміх. Касцёл не тоне, але вельмі моцна перажывае з-за ганенняў на хрысціян нашага часу», — заўважыў арцыпастыр.

«Сёння маланкай абляцела ўвесь свет навіна аб сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая адбудзецца 12 лютага гг. у Гаване на Кубе, — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Адной з праблем, якія, акрамя ўзаемаадносін і сітуацыі ў сучасным свеце, будуць абмяркоўвацца, будзе праблема ганенняў на хрысціян з мэтай яе паспяховага вырашэння».

«Напэўна, ёсць напружанасць паміж хрысціянамі і нехрысціянамі, таксама як застаюцца невырашаныя праблемы паміж католікамі і праваслаўнымі, але Бог над усім, — адзначыў арцыбіскуп. — І, дзякуй Богу, сусветныя хрысціянскія лідары, Папа і Патрыярх, знайшлі ў сабе сілы ўчыніць крок у напрамку адзін да аднаго, каб разам сведчыць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці». «Падобнае павінна быць і ў адносінах паміж хрысціянамі і нехрысціянамі, бо зямля — гэта наш супольны дом», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў праз заступніцтва святой Агаты маліцца аб поспеху гістарычнай сустрэчы паміж двума лідарамі хрысціянства, каб яна прынесла багаты плён.   

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.