Даверыцца міласэрнаму Богу, які «ачышчае нас, даруе нам нашы грахi i недасканаласцi, якiя ўтрымлiваюць нас на беразе, падбадзёрвае i кiруе на глыбiню», заклікаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі ў нядзелю 7 лютага. Іерарх цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Разважаючы ў гаміліі над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, арцыпастыр звярнуў увагу, што іх цэнтральная тэма – «цудоўнае Божае пакліканне і станоўчы адказ на яе».
Гэтыя чытанні, па словах Мітрапаліта, вучаць аб тым, «што Бог мае свае крытэрыі, паводле якіх выбірае прарокаў ці апосталаў». Прадстаўляючы гісторыю паклікання Ісаі, Паўла і Пятра, Святое Пісанне «таксама заклікае нас звярнуць увагу на наша пакліканне і навяртанне», дадаў іерарх.
Арцыбіскуп адзначыў таксама, што Божае пакліканне – «вялікі дар і ласка», але яно «не заўсёды сустракаецца з разуменнем і прыхільнасцю людзей». «Калі габрэі не ўспрымалі Езуса і нават Яго пераследавалі, то няма чаго дзівіцца, што свет не заўсёды адэкватна ўспрымае святара і Божае слова, якое ён абвяшчае. Трэба памятаць, што ён пакліканы абвяшчаць не сябе, не сваё вучэнне, але Езуса», – сказаў Мітрапаліт.
«У святле вучэння Хрыста неабходна сказаць, што прыйшоў час перастаць думаць, што мы самі можам усё, i даверыцца Богу, якi дапаможа выканаць давераную нам мiсiю. Бог адорыць нас ласкай вяртання да нармальнага хрысцiянскага жыцця, да якога нас паклiкаў, i мы будзем здольныя выйсцi з залежнасцi i пакiнуць сiтуацыю, якая разбурае нашае жыццё», – падкрэсліў арцыпастыр.
Кажучы пра першае літургічнае чытанне, у якім гаворыцца, як анёл узяў з агню распалены вугаль i iм ачысцiў вусны Iсаi, Мітрапаліт адзначыў: «Цяжка нават уявiць, як было балюча яму. Таксама нялёгка дазволiць Богу кантраляваць наша жыццё. Але гэта благаслаўлёны цяжар».
Па словах іерарха, «сеткi нашага духоўнага жыцця будуць поўнымi Божай ласкi толькi тады, калi мы адмовiмся ад нашага камфортнага жыцця на беразе i выплывем на яго глыбiню». У якасці прыкладу арцыбіскуп нагадаў пра рашэнне Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла аб сустрэчы 12 лютага ў Гаване (Куба). «Нягледзячы на існуючыя праблемы ва ўзаемаадносінах, яны, заклапочаныя маральным становішчам сучаснага свету, выходзяць адзін аднаму насустрач, каб сумесна іх вырашаць», – патлумачыў Мітрапаліт.
Арцыпастыр пажадаў вернікам, каб «падарожжа з Езусам на глыбiню» вяло да такой дасканаласцi, каб «разам са святым апосталам Паўлам казаць: “Дзякуючы Божай ласцы я з’яўляюся тым, кiм з’яўляюся, і ў Езусе Хрысце магу ўсё”». (AG)
|