Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у Папяльцовую сераду: «Калi мы з Хрыстом памрэм для граху, то з Iм уваскрэснем да новага жыцця»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.02.2016 13:08

У Папяльцовую сераду, 10 лютага, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ўвечары ў мінскім архікатэдральным касцёле. У Эўхарыстыі на пачатак Вялікага посту – часу духоўнай падрыхтоўкі да Уваскрасення Пана – прынялі ўдзел шматлікія вернікі.

Падчас святой Імшы адбыўся абрад пасыпання галоваў попелам.

Мітрапаліт звярнуў увагу ў гаміліі, што Папяльцовая серада нагадвае пра «дзве праўды жыцця, з якiмi мы, людзi XXI стагоддзя, не вельмi хочам згадзiцца i якiя сучасная культура мiнiмалiзуе, адхіляе або проста iгнаруе». Першая праўда – гэта праўда пра грэх: «Замест таго, каб выконваць Божую волю, мы жывём паводле нашай. Ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынiм зло». Другая праўда – праўда аб смерцi.

Па словах іерарха, толькі прыняўшы гэтыя праўды, «мы зможам прыняць iншую праўду: што дзякуючы Божай ласцы мы можам атрымаць вечнае жыццё». Аб гэтым, дадаў арцыпастыр, трэба памятаць заўсёды, а асаблiва ў бягучы Год Божай Мiласэрнасцi.


«Самая вялiкая навiна Добрай Навiны, гэта азначае Евангелля, у тым, што Бог мiласэрны i нiкога не асуджае, але чакае навяртання. Ён разумее чалавечую слабасць i не пакідае нас адных з нашымi грахамi, але рашуча ўваходзiць у наша жыццё i чынiць тое, чаго мы самi не можам учынiць», – заўважыў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп адзначыў, што Вялiкi пост – добры час, каб таксама засяродзiцца на «праўдзе аб тым, кiм мы з’яўляемся i каму належым – Богу цi да злому духу».

«Нялёгка прызнацца ў сваім граху. Яшчэ цяжэй прыняць рэальнасць смерцi, аб якой сучасны свет стараецца не ўспамiнаць», – сказаў іерарх.

«Аднак першым крокам да сапраўднага навяртання, гэта азначае вяртання на шлях жыцця паводле Божага закону, з'яўляецца ўсведамленне сваёй грахоўнасцi i таго, што мы зграшылi думкаю, словам i занядбаннем. (…) I нарэшце, для сапраўднага навяртання неабходна прыняць праўду, што адзiная наша надзея ў Божай мiласэрнасцi, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Гэтай міласэрнасцю мы павінны дзяліцца з іншымі і прабачаць ім іх правіны, каб у нашых вачах яны ўбачылі не суддзяў, але поўных міласэрнасці братоў і сясцёр».


Па словах Мітрапаліта, хрысціянскае жыццё павінна канцэнтравацца вакол двух полюсаў: пакаяння i радасці. «Калi мы з Хрыстом памрэм для граху, то з Iм таксама i ўваскрэснем да новага жыцця», – дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт пажадаў удзельнікам святой Імшы, каб Вялiкi пост стаў для іх «часам навяртання, узаемнага прабачэння i радасцi, да якой ён нас вядзе згодна з праўдай нашай веры: “Хрыстус памёр, Хрыстус уваскрос, Хрыстус прыйдзе iзноў”».

(AG)
Фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.