Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пачатак Вялікага посту: «Пост — гэта час духоўнага бою з грахом» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.02.2016 13:41 |
Святую Імшу на пачатак Вялікага посту ў Папяльцовую сераду на 12.00 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх закрануў тэму грэшнасці чалавека і нагадаў пра важнасць хрысціянскага пакаяння. «Праблемай і нават трагедыяй сучаснага чалавека ёсць тое, што ён згубіў пачуццё граху, — адзначыў Мітрапаліт. — Аднак усе мы грэшныя і ўсе маем патрэбу ў навяртанні».
Арцыпастыр заахвоціў вернікаў у час Вялікага посту да ўдзелу ў пакутных набажэнствах і святой споведзі, «дзе бязмежны ў сваёй міласэрнасці Езус ачысціць нас з нашых грахоў лепш, чым найлепшая пральная машына». «Нагадваючы пра малітву, пост і міласціну, Езус паказвае ўсю іх духоўную сутнасць. У гэтых практыках мы павінны шукаць не сваёй славы, але славы Бога. Бог глядзіць не на тое, як мы выглядаем звонку, але на стан сэрца», — сказаў іерарх. «Пане Езу, адары нас вытрымкай і жывой верай, цвёрдай надзеяй і вялікай любоўю да Бога і бліжніх у гэты час ласкі і навяртання, каб пасля 40 дзён посту мы з чыстай душой спявалі радаснае “Алелюя”, як песню хвалы Уваскросламу Пану», — заключыў арцыпастыр. (DN), (IL) У матэрыяле выкарыстаны архіўныя здымкі Аляксандры Шчыглінскай з Папяльцовай серады ў 2015 годзе |