Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай парафіі Святога Духа: Бог цярпліва чакае нашага навяртання і плённага хрысціянскага жыцця
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.02.2016 19:42

28 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў у межах пастырскай візітацыі парафію Святога Духа ў Мінску.

Арцыпастыр узначаліў у парафіі святую Імшу, падчас якой у гаміліі паразважаў над чытаннем Евангелля на ІІІ нядзелю Вялікага посту, дзе рапавядаецца пра смакоўніцу, якая апошнія тры гады не пладаносіла, і таму гаспадар хацеў яе ссячы.

«Гісторыя гэтага дрэва – гэта гісторыя кожнага з нас. Мы не заўсёды ў сваім жыцці прыносім духоўны плён, і здаецца, што Бог павінен нас пакараць, але Ён, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, цярпліва чакае нашага навяртання і плённага хрысціянскага жыцця», – патлумачыў Мітрапаліт.

«Бог хоча, каб мы рабілі толькі добрыя справы. Калі мы гэтага не чынім, то Ён незадаволены, але міласэрны да нас, таксама як бацькі міласэрныя да сваіх дзяцей і даруюць ім іх правіны. Як бацькі дзецям даюць новы шанс выправіцца, таксама і Бог адразу не карае нас, але дае шанс стаць лепшымі.

Бог не чакае ад нас немагчымых рэчаў. Як ніхто не чакае, што на яблыні будуць расці бананы, таксама і Бог не жадае ад нас немагчымага», – дадаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, «усе мы маем нейкія натуральныя здольнасці», і важна «пазнаць гэтыя дары і даць ім магчымасць развівацца», выканаць тое, да чаго пакліканы.

Таксама іерарх звярнуў увагу, што, «як недастакова толькі спаць у гаражы, каб стаць аўтамабілем, таксама недастакова толькі хадзіць у касцёл і ў той жа час жыць не згодна з Божым законам, каб стаць сапраўдным хрысціянінам».

«Міласэрны Езус дае нам час, але яго неабходна выкарыстаць належным чынам. Акрамя часу, Ён дае нам новыя магчымасці, новыя касцёлы, святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў», – адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт заклікаў удзельнікаў святой Імшы не змарнаваць часу гэтага Вялікага посту, каб быць плённымі хрысціянамі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.