Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Нагавадваючы, што гэты дзень называюць таксама Нядзеляй Мукі Пана, іерарх адзначыў, што «Мука Пана, якую мы сёння пачулі і пачуем ізноў у Вялікую пятніцу, — гэта тая сярэдзіна, без якой нельга дайсці да велікоднага ранку».
«”Аллелюя” велікоднага ранку будзе пустым словам без падзей Вялікай пятніцы. Таму Езус урачыста ўвайшоў у Ерузалем, каб там пасхальнай таямніцай сваёй смерці і ўваскрасення завяршыць давераную Яму Нябесным Айцом місію збаўлення чалавецтва», — дадаў арцыпастыр.
Іерарх таксама падкрэсліў, што падзеі Вялікага тыдня дапамагаюць «адкрыць праўду пра нас саміх»: «Да гэтага нас заклікае сённяшняя літургія, у якой мы распазнаём сябе саміх, як тых, якія праслаўляюць Бога і якія адначасова адмаўляюцца ад Яго». Тэкст гаміліі цалкам ››
«Мы хацелі б думаць, што грэх адносіцца не да нас»
«Вялікі тыдзень вучыць нас, што мы грэшныя і лёгка паддаёмся ўплывам злога духа. Але, з іншага боку, гэта добрая навіна, бо яна з’яўляецца дыягназам нашага духоўнага стану, нашай духоўнай хваробы, якую неабходна лячыць», — сказаў Мітрапаліт. Паводле слоў арцыпастыра, людзі хацелі б думаць, што грэх і злы дух адносяцца не да іх, але да іншых людзей ці палітычных сістэм. «Мы імкнёмся пераканаць сябе саміх, што дзякуючы сіле пазітыўнага мыслення і самалюбства мы будзем шчаслівыя. Але ласка і грэх — гэта рэальнасць нашага жыцця. Можа, гэта гучыць і парадаксальна, але нельга пазнаць адно без другога», — заключыў іерарх.
Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што ва ўкрыжаваным Езусе людзі бачаць свой грэх, бо менавіта ён стаў прычынай Яго крыжовай смерці.
«У крыжы мы разважаем над цаной нашага адкуплення, бо крыжовай смерцю Божага Сына мы былі адкуплены. На крыжы Хрыста праяўляецца паўната Божай міласэрнасці, у якую ўводзіць нас Вялікі тыдзень. Укрыжаваны Хрыстус — гэта адкрытая кніга любові. Няхай яна стане нашай настольнай кнігай і вядзе да вялікай радасці Пасхі», — заахвоціў арцыпастыр.
(IL)
|