Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інсцэніраваны Крыжовы шлях на Залатой Горцы ў Мінску прайшоў у інтэнцыі ахвяр тэрактаў у Бруселі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.03.2016 01:00

23 сакавіка ля касцёла Найсвяцейшай Tройцы (св. Роха) у Мінску прайшоў інсцэніраваны Крыжовы шлях. Пакутнае набажэнства было праведзена ў інтэнцыі ўсіх загінулых і пацярпелых падчас нядаўніх тэрактаў у Бруселі.

Містэрыя Мукі Збаўцы праводзіцца на Залатой Горцы ўжо не першы год. І кожны раз прайсці дарогай крыжа сюды збіраецца вялікая колькасць вернікаў. Праводзіў Крыжовы шлях пробашч парафіі кс. Юрый Санько.

«Ахвяруем, дарагія браты і сёстры, гэты Крыжовы шлях у інтэнцыі ўсіх тых, хто загінуў у Бруселі. Молімся за іх родных і блізкіх, каб Бог прынёс ім суцяшэнне. Таксама будзем прасіць аб тым, каб у свеце панаваў сталы мір, таксама паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі», – сказаў перад пачаткам Крыжовага шляху Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які кожны год удзельнічае ў такіх містэрыях.


«Мы павінны весці дыялог, – дадаў іерарх. – Каб дыялог паміж рознымі веравызнаннямі прывёў да ўзаемаразумення. Каб не здаралася больш падобных тэрарыстычных актаў, якія ўчора адбыліся ў Бруселі. І няхай нашая малітва будзе выслуханая Богам».

Сімвалічнымі стацыямі, размешчанымі ў двары касцёла, у гэты вечар можна было прайсці разам з біблійнымі героямі, якіх даволі прафесійна сыграла моладзь з розных мінскіх парафій.



На пляцоўцы ля касцёла св. Роха ерузалемскі натоўп крычаў: «Укрыжуй Яго!», а жаўнеры здзекваліся і ўскладвалі на Езуса крыж. Знясілены Збаўца ледзь падымаўся пасля чарговага падзення на зледзянелую сакавіцкую зямлю.


Сустракаўся позіркам з вачамі Марыі, у якіх гледачы містэрыі маглі заўважыць глыбокі смутак і пакору сапраўднай маці. Разам з Сымонам Кірынейцам пераадольваў залатагорскія стацыі, нягледзячы на мароз і снег. Прымаў хусцінку ад Веранікі і суцяшаў ерузалемскіх жанчын.


Некаторыя ўдзельнікі інсцэніраванага Крыжовага шляху плакалі, асабліва падчас укрыжавання і смерці Езуса.

Ігра акцёраў сапраўды ўражвала сваёй праўдзівасцю і арыгінальнасцю вобразаў, якія дапаўняліся шыкоўнымі касцюмамі, дэкарацыямі і фонавай агучкай.


Пасля Крыжовага шляху Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам набажэнства і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Працягнуць малітву за ахвяр тэрактаў у Бруселі вернікі маглі ў самім касцёле падчас святой Імшы, якую цэлебраваў іерарх.

У гаміліі арцыбіскуп асаблівую ўвагу звярнуў на асобу Юды Іскарыёта і заахвоціў вернікаў ніколі не губляць чалавечнасці, а таксама змагацца з уласным эгаізмам і пазбягаць здрадаў.

Містэрыя на Залатой Горцы стала сімвалічным пачаткам Пасхальнага Трыдуума і яшчэ раз нагадала аб самым галоўным – вялікай і бязмежнай любові Бога да кожнага – і аб тым, што, каб годна сустрэць гэтую “ўваскрослую Любоў”, не трэба забывацца пра любоў, спагаду і несці мір, якога так не хапае сёння.

Марына Валасар,
Фота Віталія Палінеўскага


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.