У мінскім Чырвоным касцёле памаліліся за кс. Ігара Лашука, які адзначыў сваё 50-годдзе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.04.2016 12:51 |
31 сакавіка ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску цэлебравалася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза-юбіляра Ігара Лашука. Памаліцца і павіншаваць святара прыйшлі яго парафіяне, сябры, родныя і знаёмыя. Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі падчас святой Імшы іерарх нагадаў пра вялікія заслугі юбіляра, асабліва падкрэсліўшы справу будаўніцтва новых святыняў.
«Нягледзячы на тое, што пабудова новага касцёла — гэта вельмі няпростая справа для святара, ксёндз Ігар заўсёды адгукаецца на новыя прапановы», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх яшчэ раз узгадаў асноўныя моманты біяграфіі кс. Ігара Лашука і дадаў, што святар зрабіў вельмі шмат у справе адраджэння веры на беларускіх землях.
Сам імяніннік — святар-будаўнік і душпастыр — напрыканцы Імшы не мог стрымаць слёз радасці. Расчулены, ён падзякаваў усім прысутным за малітву і пачаў прымаць віншаванні. Юбіляра павіншавалі яго родныя, блізкія, парафіяне, прадстаўнікі касцёльных супольнасцяў, прадстаўнікі выдавецтва «Pro Christo» і салезіянская моладзь. З біяграфіяй юбіляра можна пазнаёміцца па спасылцы. Марына Валасар, |
Фотарэпартаж |