Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша падзякі з нагоды 50-годдзя кс. Ігара Лашука адбылася ў Багданаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.04.2016 16:35

2 красавіка ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў кананічную візітацыю. Арцыпастыр узначаліў у парафіі святую Імшу падзякі за 50 гадоў яе пробашча кс. Ігара Лашука.

У гаміліі, звяртаючыся да шматлікіх прысутных вернікаў, Мітрапаліт звярнуў увагу на рэспансарыйны псальм святой Імшы гэтага дня: «Слаўлю Цябе, Пане, бо Ты мяне пачуў». «Сёння ксёндз Ігар славіць Бога за перададзены бацькамі дар жыцця і за дар паклікання да святарства, які ён прыняў у цяжкія часы ганенняў на Касцёл, — сказаў іерарх. — Выхаваны ў духу паслухмянасці Богу, ён мужна адказаў на Божы заклік “Ідзі за Мною”».

Па словах арцыпастыра, Бог не шкадаваў выпрабаванняў для ксяндза Ігара, аднак, давяраючы Пану, ён іх перамагаў.

Арцыбіскуп нагадаў пра шматлікія заслугі юбіляра, у прыватнасці, пра тое, што, калі прыйшлі новыя часы і Касцёл атрымаў свабоду, ксёндз Ігар быў першым, хто працягнуў руку дапамогі ў катэхізацыі; менавіта яго стараннямі быў перакладзены на беларускую мову малы катэхізіс, які «адыграў вялікую ролю ў перадачы веры і яе ўмацаванні».

Адным з дасягненняў святара-юбіляра, якое, па словах Мітрапаліта, увойдзе ў гісторыю Касцёла ў Беларусі, іерарх назваў будаўніцтва касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы (Мінск). «Калі сёння вельмі цяжка атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла, то ў мінулыя часы гэта было яшчэ больш складана. Але ксёндз Ігар не здаваўся і дабіўся свайго. Сёння ў Серабранцы ўзвышаецца велічны касцёл, будаўніцтва якога паспяхова працягваецца», — адзначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт дадаў, што пасля прызначэння кс. Ігара Лашука ў Багданава там змяніўся касцёл, плябанія і парафія; багданаўскі дом малітвы ўпрыгожвае новы алтар, плябанія адрамантавана; парафіяльнае жыццё развіваецца і ўзбагачаецца новымі пастырскімі праграмамі.

Каментуючы літургічныя чытанні гэтага дня, Мітрапаліт адзначыў, што Евангелле на суботу актавы Вялікадня нагадвае, што апосталы не паверылі ні Марыі Магдалене, ні вучням з Эмаўса ў тым, што Езус уваскрос, і Хрыстус папракае іх за гэта. «Апосталы, падобна габрэям, мелі цвёрды карак і не вельмі верылі аповедам іншых. Таксама і апостал Тамаш не паверыў іншым сваім сябрам, што Езус уваскрос. Таму Хрыстус не пакінуў іх сам-насам з іх сумненнямі і аб’явіўся, аб чым сведчыць Евангелле другой велікоднай нядзелі», — сказаў іерарх.

«Таксама і нас Езус не пакідае на палове дарогі. Больш за тое, Ён вядзе нас наперад і ставіць свае заданні. Ён сказаў апосталам: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсялякаму стварэнню. Езус кажа абвяшчаць Евангелле ўсяму стварэнню. Ён адкупіў усіх людзей, і ў Ім было адноўлена ўсё стварэнне», — заўважыў арцыпастыр.

У ажыццяўленні гэтага задання, дадаў арцыбіскуп, сваю долю мае і ксёндз Ігар Лашук, які «з уласцівай яму энергіяй абвяшчае Евангелле ўсім людзям, куды пасылае яго Бог».

Мітрапаліт распавёў прысутным вернікам, што лёс звёў яго з ксяндзом Ігарам яшчэ вельмі даўно. «Калі ён, будучы студэнтам у Гродне, наведваўся да святой памяці гродзенскага патрыярха кс. інфулата Міхала Арановіча, то той казаў, што расце добры кандыдат да святарства», — узгадаў іерарх. Потым арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу давялося накіраваць ксяндза Ігара працаваць у Саратаў. Цяпер жа ў іх зноў сумесная праца ў Беларусі.

Мітрапаліт падзякаваў юбіляру за яго адданую працу і пажадаў поспехаў у будучым служэнні Касцёлу ў больш сталым узросце, пасля таго, як ён убачыў Абрагама, па словах іерарха.  

Пасля Імшы вернікі цёпла павіншавалі свайго пастыра і пажадалі яму поспехаў і Божага благаслаўлення.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.