Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
87-гадовая парафіянка архікатэдры: «Я ведаю, адкуль узяць будынак для семінарыі ў Мінску»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.04.2016 16:23

Пазнаёміцца са Станіславай Вашкевіч дапамог выпадак. Жанчына звярнула на сябе ўвагу падчас Імшы 25-годдзя адраджэння каталіцкіх структур у Беларусі:

«Я ўсё тут памятаю да драбніц. Я сама малілася і стаяла на каленях перад гэтым касцёлам, калі ён яшчэ не быў перададзены вернікам», — расказвала яна маладзейшым жанчынам.

Гісторыя Касцёла і архікатэдры ў апошнія 25 гадоў – чым не нагода для асобнай сустрэчы?

***


У прызначаны дзень Станіслава Мікалаеўна сустракае нас на прыступках архікатэдры — таго самага касцёла, перад якім 25 гадоў таму яна малілася аб яго вяртанні.

«У той час у касцёле была спартыўная зала. Тут займаліся цяжкай атлетыкай — спартсмены падымалі гіры. Заходзіш і быццам правальваешся ў яму. Падлога цэментная была — дык усё адно што выкапаная, такой яна мне здавалася нізкай», — прыгадвае той час жанчына.

Паводле яе слоў, на малітву збіраліся ў асноўным старыя людзі. І не толькі перад катэдрай, але і перад касцёлам св. Роха, і перад касцёлам свв. Сымона і Алены.

«Нас разганялі, але мы стаялі ўсё адно. І маліліся. І ў мароз, і ў дождж, і ў снег. Кожны дзень, пакуль не дамагліся свайго. Бо дзе было маліцца? Адзіны дзеючы касцёл у ваколіцах быў толькі ў Красным...»
Назіранне

У свае 87 яна цудоўна арыентуецца ў гісторыі Беларусі, добра памятаючы ўсіх палітычных дзеячаў перабудовы і з інтарэсам апісваючы кожнае здарэнне. Гледзячы на энергію і жыццярадаснасць Станіславы Вашкевіч, цяжка паверыць у яе ўзрост.

Штодня яна імкнецца прыйсці на святую Ішму, а ў вольны час нават наведвае гурток польскай мовы.


Назваць яе бабуляй язык не павернецца, нават бачачы яе кіёк, — кабета, не інакш! Чорная скураная сумачка надае ёй элегантнасці, а адчуванне стылю падкрэслівае падабраны ў тон паліто капялюш.

«Усё сваё жыццё я працавала ў лёгкай прамысловасці, распрацоўвала дакументацыю для беларускіх фабрык. Там, дзе сёння гандлёвы дом “На Нямізе”, раней размяшчаўся Рэспубліканскі дом мадэляў, у ім я і працавала», — рэзюмуе жанчына.

«Шкода, што не збераглі памяць продкаў»

Яна вырасла ў вёсцы каля Ракава, на былым беларуска-польскім памежжы, лёгка і жвава размаўляе па-беларуску. У сталіцу Станіслава Мікалаеўна прыехала вучыцца ў 1947 годзе. З таго часу тут і жыве, добра памятаючы, як змяняўся горад.

«Шкода, што многае мы не захавалі, не збераглі памяць продкаў, — мы сядзім на лавачцы ля катэдры, і Станіслава Мікалаеўна праводзіць лікбез па плошчы Свабоды. — Вось тут была царква ці касцёл — не скажу дакладна — узарвалі...

Таксама па тэме:

Там, дзе кінатэатр “Перамога”, раней таксама быў сакральны будынак. На месцы Палаца Рэспублікі таксама быў касцёл, яго бальшавікі ўзарвалі пасля вайны. Гэта не пры мне рабілася, падрабязнасцяў не ведаю. Але, як ачышчалі месца, то было бачна, што фундамент захаваўся. А казалі ж, што касцёл адновяць...»

«У пачатку, калі нам дазволілі маліцца ў святыні, мы маліліся на трэцім паверсе. Вунь там, дзе столь і ідуць парэнчы, быў раней трэці паверх. А пасля сюды прыбыў наш Казімір Свёнтэк – ён тут шмат працаваў, і дзякуючы яму сталі паступова прыбіраць гэтыя паверхі і ўсё аднаўляць...»

У 1990-х, калі архікатэдру перадавалі вернікам, Станіслава Вашкевіч была ўжо на пенсіі. З тых часоў найбольш яскрава жанчына прыгадвае ўсталяванне крыжа на Доме фізкультуры, які размяшчаўся тады ў сценах святыні:

«Усталяванне крыжа было вельмі ўрачыстым — мы ўсе плакалі, калі глядзелі на гэта. Я нядаўна нават хадзіла пытацца ў сакрыстыі: а дзе той крыж? А яны не ведаюць, бо змяніліся ўсе — маладыя і святары, і сакрыстыяне. Відаць, адна я такая старая засталася...»

«Мама, усюды ты ўлезеш»

Рашучасці ў дзеяннях Станіславе Мікалаеўне не займаць: калі штосьці надумала, стрымаць яе цяжка.


«Будынак музычнага ліцэя побач з катэдрай гістарычна належаў касцёлу (гаворка пра былы езуіцкі калегіум – заўв. аўт.). Чаму Касцёл не дабіваецца яго вяртання? Цяпер, наколькі я чула, стаіць пытанне, каб у Мінску знайсці месца для семінарыі. Дык вось жа яна — лічы, гатовы будынак для семінарыі!

Я нават з Міністрам культуры гаварыла, — усміхаецца жанчына. — Летам тут нейкі кірмаш ішоў, шмат чыноўнікаў. То я дагнала таго міністра і тузанула за рукаў. Расказала. А ён што: гэтае пытанне не ў маёй кампетэнцыі — гэтым займаецца іншае міністэрства...
Мая дачка да пенсіі працавала ў гарвыканкаме, то яна мне ўсё кажа: "Ай, мама, усюды табе трэба, усюды лезеш і сунеш свой нос. Усё адно нічога не атрымаецца". Але я веру».

Актыўнічае Станіслава не толькі ў горадзе, але і ў роднай вёсцы, куды прыязджае на адпачынак. Усталяванне там двух крыжоў — у каталіцкай і праваслаўнай традыцыях — таксама яе ініцыятыва.


На фота: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас наведвання в. Іслач. 9 кастрычніка 2011 года. На заднім плане — усталяваныя ў вёсцы крыжы

«Пасля выбараў старасты ў вёсцы я на сходзе выйшла і кажу: ва ўсіх вёсках стаяць крыжы — трэба паставіць і нам. Наша вёска была некалі каталіцкая, а цяпер стала праваслаўная. Так, дзякуючы мне, у вёсцы паставілі два вялікія крыжы — каталіцкі і праваслаўны, ля якіх раз на год у свята вёскі мы збіраемся.

Таму я трошкі вяду там рэлігійную прапаганду — кажу, што трэба верыць, што трэба адзначаць святы, што Бог карае за тое, калі будзеш працаваць у нядзелю», — усміхаецца жанчына.

«Мёртваму патрэбна малітва жывога»

Станіслава Мікалаеўна прызнаецца, што, прымаючы святую Камунію, яна адчувае сябе як пасля лячэбнага сеансу. А на ўсе заўвагі няверуючых пра тое, што Бога няма, а рай і пекла не існуюць, яна расказвае выпадак з жыцця:

«Мая мама памерла вельмі рана — у 37 гадоў. А пасля доўгі час — я ўжо і замуж выйшла — яна мне часта снілася.


Снілася яна мне панурая, не размаўляла са мной. Быццам бы дрэнна ёй. Я паехала ў адзіны дзеючы тады ў ваколіцах касцёл у Красным і замовіла Імшу за яе. І праз некаторы час сніцца мне ізноў мама — ужо вясёлая, у добрым настроі. Я кажу: мама, дзе ж ты была так доўга? А яна адказвае: у турме я была 22 гады. І калі я палічыла: прайшло 22 гады з таго часу, як яна памерла. А чаму ў турме? Гэта быў чысцец...

Пасля таго яна перастала мне сніцца. Вось так, душы памерлых жывуць. Калі чалавек памёр, трэба замовіць за яго Імшу або малебен. Гэта вельмі важна. Мёртваму чалавеку патрэбна малітва жывога, бо ўсе мы грэшныя».

«Мару, каб рэлігію выкладалі ў школе»

Азіраючыся на час, які прайшоў з моманту адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, жанчына прызнаецца, што вельмі хацела б, каб пра Бога дзеці даведваліся з заняткаў у школах, а не толькі з заняткаў катэхезы.

«Выхаванне дзяцей у веры — гэта аснова, тады дзіця расце зусім з іншым светаўспрыманнем: паважае бацькоў, выконвае запаведзі, не парушае законаў... Веруючыя людзі рэдка становяцца злодзеямі, п’яніцамі ці наркаманамі».
Станіслава Мікалаеўна нават збіралася ў бліжэйшую школу з прапановай увесці заняткі рэлігіі.

«Гэта павінна быць на ўзроўні дзяржавы, каб рэлігію ў школах і садках выкладалі! Бо расла б тады іншая моладзь. Але дзеці мне ізноў казалі: мама, не лезь. А для мяне гэта важна. Я і сваім кажу: абавязкова хадзіце ў касцёл, будзеце выконваць 10 запаведзяў – будзеце зусім іншымі людзьмі!»

Яшчэ адна мара

А яшчэ Станіслава марыць пра праўнукаў. Амаль усе яе дзеці ўжо на пенсіі, старэйшай унучцы – 39, а праўнукаў пакуль няма.

«Мой тата дажыў да ста. Я не ведаю, колькі засталося мне. Але маіх касцёльных сябровак ужо няма... Была адна жанчына, на першых лаўках сядзела. Але цяпер і яе ўжо не бачу... Нікога не засталося.



Малю Бога, каб у маіх унучак з’явіліся дзеткі. Я спадзяюся, яны вырастуць у веры. Бо Бог бачыць усё, што мы робім. І Бог ёсць. Я перанесла аперацыю на анкалогію, пасля інфаркт і інсульт. Я малюся кожны дзень і ведаю, пра што кажу».

Ілья Лапато,
фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.