Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у VI Велікодную нядзелю: Езус праз Святога Духа ёсць з намі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.05.2016 16:16

1 мая, у VI Велікодную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх адзначыў, што яны паказваюць «дзеянне Бога, які праз Святога Духа жыве ў Касцёле і ў кожным з нас».

Евангелле на гэты дзень, як звярнуў увагу арцыбіскуп, заклікае любіць Бога. «Калі мы любім Яго за тыя незлічоныя ласкі, якімі Ён адорвае нас, то Ён заўсёды будзе прабываць з намі. На жаль, аб гэтым мы часта забываемся», — сказаў Мітрапаліт.

Арцыпастыр распавёў у сувязі з гэтым наступную гісторыю. Аднойчы св. Францішак спаткаў няверуючага чалавека, які не любіў Бога. Калі яны ішлі разам, то сустрэлі сляпога. Францішак спытаў яго: «Калі б я вярнуў табе магчымасць бачыць, ты любіў бы мяне?» Сляпы адказаў, што не толькі любіў бы, але нават быў бы слугой праз усё жыццё. Тады св. Францішак сказаў няверуючаму: «Бачыш, гэты чалавек любіў бы мяне ўсё сваё жыццё, калі б я вярнуў яму зрок. Дык чаму ж ты не любіш Таго, хто стварыў твае вочы і даў ім магчымасць бачыць?»

Чытанні на гэты дзень, адзначыў Мітрапаліт, таксама заклікаюць вернікаў усведамляць прысутнасць Бога праз Святога Духа ў сабе саміх і ў сваім жыцці. «Кожны дзень мы змагаемся з няпэўнасцю, канфліктамі і спакусамі. І толькі сталая прысутнасць Бога дапамагае нам ісці ў будучыню з высока паднятай галавой, з надзеяй і хрысціянскай адвагай», — дадаў іерарх.

«Езус праз Святога Духа ёсць з намі і не пакідае нас адных. Ён раздзяляе з намі сваю радасць і ў сваёй міласэрнасці ператварае нашу грахоўную залежнасць у свабоду жыцця ў Божай ласцы. Але каб гэта адбылося, неабходна дазволіць Яму ўвайсці ў наша жыццё. Ён паважае нашу свабоду і таму нікога і ні да чаго не змушае. Усё залежыць толькі ад нас саміх», — падкрэсліў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што праз чатыры дні Касцёл будзе адзначаць урачыстасць Унебаўшэсця Пана, а праз дзесяць – Спаслання Духа Святога. Іерарх заклікаў падрыхтавацца да яго перажывання так, каб «Святы Дух сапраўды быў нашай ажыўляючай сілай, каб узнікаючыя праблемы мы вырашалі ў Яго святле і каб Ён вёў нас шляхам збаўлення».  

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.