Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў Першую Камунію ў мінскай архікатэдры (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.05.2016 20:36 |
15 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу, падчас якой дзеці прынялі Першую Камунію. Арцыпастыр падкрэсліў у гаміліі, што Святы Дух «з’яўляецца знакам духоўнага жыцця і дзякуючы сваім сямі дарам нас ажыўляе». Іерарх нагадаў, што праз свайго Духа Езус Хрыстус «прысутны па ўсёй зямлі і дзейнічае сваёй ласкай», прысутны ў гэты дзень і ў мінскай катэдры, дзе дзеці прымаюць Першую Камунію.
«Ён становіцца нашай ежай і такім чынам злучаецца з намі, – дадаў іерарх. –Што мы павінны Яму сказаць? Найперш падзякаваць за тое, што захацеў прыйсці да нас. Праслаўляць Яго і ўшаноўваць. Неабходна размаўляць з Ім, выказваць Яму нашу любоў, перапрашаць за ўсе знявагі і маліцца ў канкрэтных інтэнцыях». Арцыпастыр пажадаў, каб гэты дзень «меў свой працяг і каб гэтыя дзеці як мага часцей прымалі Езуса – іх надзею на шчаслівае жыццё».
Дзецям Мітрапаліт пажадаў «заўсёды крочыць шляхам Хрыста – шляхам праўды, любові і веры», і каб Бог заўсёды апекаваўся імі. Іх бацькоў і блізкіх арцыбіскуп заклікаў даваць ім «добры прыклад хрысціянскага жыцця, частай споведзі і святой Камуніі, бо толькі тады яны будуць выхоўвацца ў хрысціянскіх цнотах і патрэбнай для шчаслівага жыцця і збаўлення Божай ласцы». (AG), фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |