Дыпломы катэхетаў атрымалі 11 выпускніц Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.06.2016 15:41 |
Уручэнне дыпломаў выпускнікам Тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля прайшло 18 чэрвеня ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоным). Упершыню дыпломы ўручаліся з рознымі кваліфікацыямі: катэхет і катэхет-кантар. Урачыстасць распачалася святой Імшой з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў каледжа, якую ўзначаліў дырэктар гэтай навучальнай установы кс. д-р Ян Крэміс. Гамілію да прысутных скіраваў кс. Дзмітрый Барыла, выкладчык каледжа і куратар аднаго з курсаў.
У гаміліі святар прыгадаў уступныя экзамены сённяшніх выпускнікоў, калі на пытанне: «Чаму вы паступаеце ў каледж?», кожны з абітурыентаў адказваў па-свойму.
Гаворачы пра вобраз пабожнага хрысціяніна ў сучасным свеце, кс. Дзмітрый Барыла адзначыў, што часта гэты вобраз у няверуючых людзей асацыюецца з карыкатурай святасці: сумны чалавек, які стаіць на каленях. Напрыканцы гаміліі ксёндз Дзмітрый Барыла заклікаў прысутных не занядбоўваць рахунак сумлення перад Богам і быць прыкладам хрысціянскай вернасці:
Святло свету і соль зямлі Пасля святой Імшы ў дольнай частцы святыні прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам каледжа. Сёлета каледж скончылі 11 студэнтак, з якіх тры атрымалі дыпломы з падвойнай кваліфікацыяй катэхета і кантара.
«Сёлета ў каледжы навучалася 76 чалавек, большую ж частку студэнтаў склалі першакурснікі, якіх налічваецца 45», — адзначыў дырэктар каледжа кс. д-р Ян Крэміс.
Выказваючы словы падзякі, выпускніцы зачыталі адмысловую малітву верных, у якой згадалі ўсіх сваіх выкладчыкаў. Напрыканцы кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскага касцёла свв. Сымона і Алены, у катэхетычных класах якога і размяшчаецца тэалагічны каледж, удзяліў прысутным благаслаўленне, пажадаўшы, каб веды, атрыманыя выпускнікамі, неслі «радасную навіну і рабілі радаснымі сэрцы».
|
Фотарэпартаж |